Апошні раз сваякі размаўлялі з Марыяй Калесьнікавай 18 месяцаў таму. Пасьля сувязь абарвалася, і з таго часу прыходзілі толькі навіны, са словаў іншых зьняволеных, якія былі ў той самай гомельскай жаночай калёніі, пра просьбы Калесьнікавай аб мэдычнай дапамозе.
Бацька палітзьняволенай Аляксандар Калесьнікаў праз тэлефон расказаў карэспандэнту Associated Press, што спробы наведаць дачку ў Гомлі не прыносяць посьпеху. Паездка ў Гомель некалькі месяцаў таму зноў ня дала плёну — ахоўнік на пытаньні пра адсутнасьць усякай сувязі адказаў: «Калі яна не тэлефануе і ня піша, значыць, ня хоча».
42-гадовая Марыя Калесьнікава, як вынікала са словаў былой зьняволенай, якая сядзела ў той самай калёніі, трапіла ў шпіталь у траўні або чэрвені. Але падрабязнасьці невядомыя. Жанчына, якая перадавала гэтую інфармацыю, назвалася Натальляй, свайго сапраўднага імя не назвала, бо баіцца наступстваў і помсты ад уладаў.
«Я магу толькі маліцца Богу, каб яна была жывая. Улады ігнаруюць мае запыты на сустрэчы і лісты — гэта жудаснае адчуваньне бездапаможнасьці для бацькі», — сказаў Аляксандар Калесьнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гэта як біць безабароннага. Пра чалавечы фактар у апазыцыі і ўладзеСястра Калесьнікавай Тацяна Хоміч раней расказала Associated Press, што былыя зьняволеныя сказалі ёй, што Калесьнікава, пры росьце 175 см, важыла ўсяго каля 45 кіляграмаў.
«Яны павольна забіваюць Марыю, і я лічу, што гэта крытычны пэрыяд, бо ў такіх умовах ніхто ня выжыве», — кажа Хоміч, якая жыве за межамі Беларусі.
Апошні раз Калесьнікава пісала з турмы ў лютым 2023 году. Лісты да яе «пэрсанал калёніі рве на яе вачах», сказала яе сястра, перадаючы словы іншых былых зьняволеных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьве відэакамэры сочаць, як у калёніі працуе Марыя КалесьнікаваШто трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.