Пра гэта паведамляе DW.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абмеркаваў з францускім лідэрам Эманюэлем Макронам «плян перамогі» яго краіны ў абарончай вайне супраць Расеі. У чацьвер, 10 кастрычніка, Зяленскі пасьля візыту ў Лёндан прыбыў для перамоваў у Парыж.
Ён прызнаў «складаную сытуацыю» на фронце і «вялікі дэфіцыт» некаторых відаў узбраеньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго хоча дабіцца Зяленскі ў сваім эўрапейскім турнэ пасьля пераносу сустрэчы «Рамштайн» на высокім узроўніУ Telegram Зяленскі паведаміў, што абмеркаваў з Макронам «сытуацыю на полі бою і рэчы, якія могуць узмацніць нашыя пазыцыі і даць больш абароны Эўропе». Асобную ўвагу на перамовах надалі сумеснай вытворчасьці зброі. Акрамя таго, Зяленскі паведаміў, што Францыя арганізуе 17 кастрычніка канфэрэнцыю аб ядзернай бясьпецы і абароне ў рамках працы, распачатай на першым саміце міру ў Швайцарыі.
Пасьля перамоваў з Макронам Зяленскі зьняпраўдзіў здагадкі аб тым, што абмяркоўваў з эўрапейскімі лідэрамі ўмовы магчымага спыненьня агню ў вайне з РФ. «Гэта ня тэма нашых абмеркаваньняў», — падкрэсьліў ён і назваў падобныя паведамленьні спробамі дэзынфармацыі з боку Масквы.
Таксама ўчора прэзыдэнт Украіны правёў перамовы ў Рыме з кіраўніцай італьянскага ўраду Джорджай Мэлёні. «Украіна не самотная, і мы будзем падтрымліваць яе столькі, колькі спатрэбіцца», — заявіла яна. Паводле яе, падтрымка Італіі павінна даць Кіеву «лепшую магчымасьць пачаць перамовы аб міры, аб міры, які ня можа быць капітуляцыяй». Пасьля сустрэчы зь Зяленскім Мэлёні абвясьціла, што ў ліпені 2025 году ў Італіі пройдзе канфэрэнцыя на тэму аднаўленьня Украіны. Раней аналягічныя канфэрэнцыі аб аднаўленьні Ўкраіны прайшлі ў Лёндане (21–22 чэрвеня 2023 году) і Бэрліне (11–12 чэрвеня 2024 году).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі на сустрэчы з папам Рымскім расказаў пра гібель украінскай журналісткі ў расейскім палонеСёньня Зяленскі сустрэўся ў Бэрліне з канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам. Шольц перад сустрэчай з Зяленскім паведаміў, што новы пакет вайсковай дапамогі Кіеву ад Нямеччыны і іншых хаўрусьнікаў будзе перададзены да канца году.
У новы пакет дапамогі ўвойдуць сыстэмы супрацьпаветранай абароны, артылерыя і бесьпілётнікі, заявіў фэдэральны канцлер. Паводле яго, дадатковая падтрымка Ўкраіны павінна стаць важным «сыгналам» для прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна. «Гульня на час ня дасьць выніку. Мы не аслабім нашу падтрымку Ўкраіны», — заявіў Шольц.
Ён таксама падтрымаў ідэю аб тым, што Расея павінна ўдзельнічаць у наступным саміце міру. Пры гэтым ён зазначыў, што мір ва Ўкраіне можа быць рэалізаваны «толькі на аснове міжнароднага права», Нямеччына «не прыме ўмоваў міру, прадыктаваных Расеяй».