ТГ-канал «За союзное государство Беларуси и России» прызналі экстрэмісцкім

Афіцыйныя дзяржаўны сьцяг і герб Беларусі на даху будынку Канстытуцыйнага суду ў Менску. Архіўнае фота 2010 году.

Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла ў сьпіс «экстрэмісцкіх» тэлеграм-канал «За союзное государство Беларуси и России». На яго падпісаныя 1686 чалавек. Канал крытыкуе як рэжым Лукашэнкі, так і апазыцыю, якая заклікае да нацыянальнага адраджэньня, і выступае з прарасейскіх пазыцыяў.

Некаторыя матэрыялы тэлеграм-каналу цытавалі ў тым ліку і прапагандысцкія беларускія СМІ.

Прапагандыст Грыгорый Азаронак сьцьвярджае, што прычынай унясеньня каналу ў «экстрэмісцкі» сьпіс стала асоба яго стваральніка — расейскага журналіста Сяргея Шыпценкі, які шэсьць гадоў таму быў асуджаны ў Беларусі ў «справе Regnum».

Тады трое журналістаў расейскага інфармацыйнага агенцтва Regnum, у тым ліку Шыпценка, былі прызнаныя вінаватымі ў распальваньні нацыянальнай нянавісьці і варожасьці. Прычынай стаў шэраг іх публікацыяў на расейскіх рэсурсах. Суд прыгаварыў іх да пяці гадоў калёніі з адтэрмінаваньнем прысуду на тры гады.

Шыпценка на судзе заявіў, што «калі трэба сесьці ў турму за „Русский мир“», ён з радасьцю гэта зробіць. Аднак Шыпценка працягвае рэгулярна публікавацца ў расейскіх СМІ і на прапагандысцкіх рэсурсах, а значыць, ён застаецца на волі.

Акрамя рэсурсу «За союзное государство Беларуси и России», у рэестар «экстрэмісцкіх» суд у той жа дзень унёс больш за 20 каналаў, групаў і старонак у розных сацыяльных сетках, у тым ліку супольнасьць у «Одноклассниках» «Я-ПАТРЫЕТ. I хачу размаўляць на роднай мове!!!», суполку ў Фэйсбуку «Народная парлямэнцкая партыя Рэспублікі Беларусь», суполку «Ўкантакце» «Свабода АRT ǀ Беларусь» і іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчыя заявілі пра яшчэ адну «змову», завялі справу на 45 чалавек, сабралі інфармацыю аб іх нерухомасьці