Паводле Андрэя Шарэнды, перавод ягонай жонкі зьвязаны з тым, што 14 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёну супраць яе пачынаецца новы судовы працэс. Паліну Шарэнду-Панасюк будуць трэці раз судзіць па 411 артыкуле Крымінальнага кодэксу — за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».
Палітзьняволенай пагражае яшчэ 1 год увязьненьня на дадатак да тых амаль ужо чатырох гадоў, якія яна адбыла.
«Паліну перавялі туды, дзе яна ўжо была летась. Гэты ізалятар не прызначаны для тых, хто чакае суду. Там не выдаюць матрасаў і пасьцельнай бялізны, загадваюць класьціся спаць на мэталічных пласьцінах, а ў Паліны баліць сьпіна, і таму яна мусіць начаваць на падлозе. Вось такія зьдзекі ў той дзень, калі ў Беларусі адзначаюць дзяржаўнае сьвята — Дзень маці! А тым часам маці дваіх дзяцей чацьвёрты год ня можа іх пабачыць і пакутуе ў жудасных умовах. Гэта ганьба ўсім!» — расказаў пра становішча жонкі Андрэй Шарэнда.
Паводле Андрэя Шарэнды, ягоная жонка ня мае ілюзіяў што да выніку працэсу. Два ранейшыя суды з гэтым жа артыкулам дадалі ёй па 1 годзе зьняволеньня.
«Мяркуе, што будзе тое самае, толькі летась суд цягнуўся тыдзень, а цяпер могуць зрабіць усё за пару дзён. Нават судзьдзя той самы — Станіслаў Іванюценка», — сказаў Андрэй Шарэнда.
Муж палітзьняволенай па-ранейшаму няшмат ведае пра яе здароўе, за якое ёсьць падставы хвалявацца.
«Вядома агульнае — што ў яе ўвесь час баліць страўнік і сьпіна, але больш нічога ня ведаем. Зь вязьніцы пішуць, што „надаецца патрэбнае лячэньне“, але гэтым зьвесткам не давяраю», — расказаў пра здароўе Паліны Шарэнды-Панасюк яе муж.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прызначылі дату новага суду над Палінай Шарэндай-Панасюк23 траўня 2024 году Паліна Шарэнда-Панасюк мелася выйсьці на волю пасьля адбыцьця тэрміну зьняволеньня ў 2,5 года і двух дадатковых тэрмінаў па 1 годзе, дабаўленых судом нібыта за «злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі».
Але замест вызваленьня актывістку зьмясьцілі ў Гомельскае СІЗА на час расьсьледаваньня новай крымінальнай справы паводле 411 артыкула КК («Непадпарадкаваньне адміністрацыі турмы»).
Беларускія праваабаронцы прызналі Паліну Шарэнду-Панасюк палітзьняволенай.
На волі Паліну Шарэнду-Панасюк чакаюць муж Андрэй і двое сыноў — Славамір і Стах.
У ліпені сваякі Паліны даведаліся, што ў жанчыны дыягнаставалі «хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасьці». Нядаўна муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда напісаў пра рэзкае пагаршэньне стану здароўя Паліны.
У сярэдзіне верасьня палітзьняволеную перавялі з ІЧУ Рэчыцы ў СІЗА Гомля. Па прыбыцьці яе адразу адправілі ў карцар на 10 дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліну Шарэнду-Панасюк перавялі ў вязьніцу, дзе «на падлозе поўзаюць клапы»