Зяленскі на сустрэчы з папам Рымскім расказаў пра гібель украінскай журналісткі ў расейскім палоне

Уладзімір Зяленскі і папа Рымскі, 11 кастрычніка 2024 году. Фота Vatican Media, AP

Уладзімір Зяленскі папрасіў пантыфіка спрыяць вяртаньню дадому ўкраінскіх журналістаў, грамадзкіх дзеячоў, кіраўнікоў грамадаў з акупаваных тэрыторыяў, якіх Расея захапіла ў палон.

Галоўнай тэмай сустрэчы прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з папам Рымскім Францішкам стала вяртаньне ўкраінскіх грамадзян з расейскага палону.

Як паведамляецца на сайце ўкраінскага прэзыдэнта, Уладзімір Зяленскі асобна ўзгадаў пра палонных журналістаў і расказаў пра гібель украінскай журналісткі Вікторыі Рошчынай у Расеі ў часе этапаваньня з аднаго ізалятару ў іншы. Пра гэты факт стала вядома напярэдадні.

Уладзімір Зяленскі папрасіў пантыфіка спрыяць вяртаньню дадому ўкраінскіх журналістаў, грамадзкіх дзеячоў, кіраўнікоў грамадаў з акупаваных тэрыторыяў, якіх Расея захапіла ў палон. На сустрэчы дамовіліся, што Ўкраіна перадасьць Ватыкану сьпіс палонных журналістаў.

«Нам вядома, што ў палоне ў Расеі больш за 400 жанчын. Дакладна пацьверджана празь Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і іншыя крыніцы, што ў палоне 1700 цывільных. Паводле нашых зьвестак, гэтая колькасьць можа быць значна большаю», — паведаміў прэзыдэнт Украіны.

Уладзімір Зяленскі запрасіў папу Рымскага прыняць удзел у канфэрэнцыі аб вяртаньні палонных і дэпартаваных украінцаў, якая адбудзецца 30–31 кастрычніка ў Канадзе.

10 кастрычніка прадстаўнік каардынацыйнага штабу Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Пятро Яцэнка паведаміў аб гібелі Вікторыі Рошчынай у Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская журналістка Вікторыя Рошчына памерла ў расейскім палоне

11 кастрычніка ў офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі, што крымінальную справу, якую раней завялі паводле факту зьнікненьня Вікторыі Рошчынай, цяпер дакваліфікавалі: ваеннае злачынства, аб’яднанае з наўмысным забойствам. Расьсьледаваньне праводзіць Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны.

Праваабаронцы паведамілі, што Вікторыю Рошчыну трымалі ў сьледчым ізалятары № 2 Таганрогу Растоўскай вобласьці Расеі, а перад гэтым — у папраўчай калёніі № 77 у акупаваным Бярдзянску Запароскай вобласьці.

«Таганрог (Бярдзянск насамрэч таксама — там катавалі электрычным токам) вядомы як адно з найбольш жорсткіх для ўкраінцаў месцаў зьняволеньня на тэрыторыі Расеі. Яго называюць пеклам на зямлі. У прыватнасьці, у Таганрогу трымаюць „азоўцаў“ з „Азоўсталі“. Вызваленыя расказваюць пра страшэнныя катаваньні. Там усе, з каго хочуць зрабіць злачынцаў, прызнаюцца ў злачынствах, абмаўляюць сябе. Потым іх пераводзяць у Растоў і судзяць», — паведаміла выканаўчая дырэктарка Мэдыйнай ініцыятывы за правы чалавека Тацяна Катрычэнка.

Паводле папярэдніх зьвестак украінскага боку, Расея незаконна вывезла з акупаваных украінскіх тэрыторыяў больш за 25 журналістаў, у тым ліку ў часе акупацыі Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцей у 2022 годзе, а таксама з паўднёвых рэгіёнаў — Херсонскай і Запароскай вобласьцяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палоннымі або зьніклымі лічацца амаль 66 тысяч украінцаў, — ПАРЭ