Паводле інфармацыі савудаўскага тэлеканала Al Hadath, мэтай атакі быў зяць загінулага лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралы і кіраўнік спэцслужбы арганізацыі Вафік Сафа. Пацьвярджэньня ягонай гібелі пакуль няма. «Хэзбала» — гэта і ваенізаваная групоўка, і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану.
Лібанскія СМІ пішуць, што ў выніку ўдараў разбураны чатырохпавярховы будынак, пашкоджаньні атрымаў васьміпавярховік.
Ахвярамі ізраільскіх авіяўдараў па Бэйруце сталі 11 чалавек, яшчэ сама меней 48 чалавек атрымалі раненьні, паведаміла Міністэрства аховы здароўя Лібану.
Крыніца ў сілах бясьпекі Лібану паведаміла Reuters, што прынамсі адзін высокапастаўлены дзеяч «Хэзбалы» быў аб’ектам нападаў. «Хэзбала» прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША, у той час як Эўразьвяз уключыў у чорны сьпіс толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю. Палітычная партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парламенце Лібану.
Сьведкі авіяўдараў расказалі агенцтву, што прынамсі адзін удар прыйшоўся каля заправачнай станцыі.
Ізраіль пакуль не пракамэнтаваў інцыдэнт, аднак увечары 10 кастрычніка ЦАХАЛ аб’явіў новае папярэджаньне аб эвакуацыі жыхароў паўднёвых прыгарадаў Бэйруту, уключаючы асобныя будынкі.
Раней у той жа дзень Ізраіль папярэдзіў лібанскіх мірных жыхароў не вяртацца ў дамы на поўдні, каб пазьбегнуць шкоды ад баявых дзеяньняў.
Часовыя міратворчыя сілы ААН у Лібане (UNIFIL) заявілі, што двое іх міратворцаў атрымалі раненьні, калі ізраільскі танк абстраляў вартаўнічую вышку ў галоўным штабе сілаў у Рас-эн-Накуры. Як распавяла Reuters крыніца ў ААН, у двух іншых інцыдэнтах ахвяраў не было.
«Любы наўмысны напад на міратворцаў зьяўляецца грубым парушэньнем міжнароднага гуманітарнага права», — гаворыцца ў заяве UNIFIL, і дадаецца, што яны сочаць за ізраільскімі вайскоўцамі.
Вайскоўцы Ізраіля заявілі, што дзейнічалі ў раёне Накуры, «побач з базай UNIFIL» і «далі ўказаньне сілам ААН у гэтым раёне заставацца ў абароненых месцах, пасьля чаго сілы адкрылі агонь па гэтым раёне», а таксама што яны падтрымліваюць сталую сувязь з UNIFIL.
Краін-удзельніцы Unifil — Італія, Францыя, Іспанія, Ірландыя — заявілі, што правядуць на наступным тыдні сустрэчу ў сувязі з гэтым інцыдэнтам. Урады Італіі, Гішпаніі і Францыі рашуча асудзілі атаку Ізраілю, які абстраляў базы ААН у Лібане, піша італьянскае агенцтва ANSA.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нэтаньягу паведаміў, што ізраільскія вайскоўцы забілі двух пераемнікаў загінулага кіраўніка «Хэзбалы» Насралы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армія Ізраілю заявіла пра ліквідацыю яшчэ аднаго высокапастаўленага камандзіра «Хэзбалы»