10 кастрычніка ўрад Беларусі на тры месяцы ўвёў ліцэнзаваньне вывазу белакачаннай капусты, яблыкаў і рэпчатай цыбулі. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка.
Вываз гэтай прадукцыі, незалежна ад краіны яе паходжаньня, за межы Беларусі будзе ажыцьцяўляцца толькі па разавых ліцэнзіях, якія будзе выдаваць Міністэрства анітыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі па ўзгадненьні з аблвыканкамамі або Менскім гарвыканкамам.
Рашэньне аб магчымасьці выдачы такой ліцэнзіі будуць прымаць упаўнаважаныя органы «зыходзячы з ацэнкі суадносінаў свабодных рэсурсаў гэтай прадукцыі ў Беларусі і патрэбаў краіны ў ёй на момант узгадненьня ліцэнзіі», тлумачыць урад.
«Дакумэнт падпісаны ў мэтах забесьпячэньня ўнутранага рынку сельскагаспадарчай прадукцыяй у міжсэзонны пэрыяд у поўным аб’ёме», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы ўраду.
9 кастрычніка міністар антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Аляксей Багданаў патлумачыў неабходнасьць ўвядзеньня ліцэнзаваньня на вываз зь Беларусі капусты, яблык і цыбулі магчымым дэфіцытам гэтых тавараў.
«Прагназуецца, што гэтага тавару можа не хапіць да канца міжсэзоннага пэрыяду, паколькі сёньня ёсьць павышаны попыт на экспартным напрамку, у Расейскай Фэдэрацыі. І кошты там у нейкай меры вышэй, чым тут, на ўнутраным рынку», — патлумачыў міністар.
8 кастрычніка ўрад працягнуў на чарговыя паўгода ліцэнзаваньне вывазу зь Беларусі збожжа.
З 23 верасьня на паўгода працягнулі забарону на вываз зь Беларусі больш як 250 відаў прамысловых тавараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зноў на паўгода ўвялі ліцэнзаваньне вывазу збожжа ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь зноў працягнула забарону на вываз з краіны прамысловых тавараў