Украінская журналістка Вікторыя Рошчына, якая зьнікла бязь вестак падчас паездкі на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны і якую ўтрымлівалі на тэрыторыі Расеі, памерла ў расейскім палоне, паведаміў прадстаўнік Каардынацыйнага штабу Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Пятро Яцэнка, піша ўкраінская служба Радыё Свабода.
«Мы правялі ўнутранае расьсьледаваньне і, на жаль, гэтая інфармацыя пацьвердзілася. На жаль, інфармацыя пра сьмерць Вікторыі пацьверджаная», — сказаў Яцэнка ў эфіры ўкраінскага тэлемаратону ўвечары 10 кастрычніка.
Пра абставіны сьмерці Рошчынай, паводле яго, пакуль гаварыць рана, іх высьвятляюць.
Прадстаўнік Каардынацыйнага штабу паведаміў, што Ўкраіна вяла працу па вызваленьні журналісткі з расейскага палону.
«Цяпер, паводле нашых падлікаў, у расейскім палоне каля 25 украінскіх журналістаў. Ёсьць таксама тыя, якія лічацца зьніклымі бязь вестак... Працягваецца праца па вызваленьні ўсіх іх. І, уласна, праца па вызваленьні Вікторыі таксама вялася, і тое, што яе пераводзілі з Таганрогу ў Маскву — гэта быў этап яе падрыхтоўкі да вызваленьня», — сказаў Яцэнка.
Раней сёньня старшыня камітэту Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў пытаньнях свабоды слова Яраслаў Юрчышын паведаміў, што бацьку Рошчынай, Уладзімеру, прыйшло паведамленьне ад расейскіх афіцыйных асобаў пра сьмерць дачкі. Пазьней Юрчышын выдаліў паведамленьне пра сьмерць журналісткі і напісаў, што інфармацыю трэба праверыць. Гэта паведамленьне Юрчышын пасьля таксама выдаліў.
У камэнтары «Суспільнаму» прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў паведаміў, што Вікторыя Рошчына была ў сьпісах на абмен.
«Яе вяртаньне было ўзгодненае, і апошняя інфармацыя, якая вядомая, — яе этапавалі ў «Лефортава» з мэтай падрыхтоўкі да вяртаньня дадому», — паведаміў Юсаў.
Вікторыя Рошчына перастала выходзіць на сувязь з роднымі 3 жніўня 2023 году. Паводле яе бацькі, 27 ліпеня Рошчына выправілася з Украіны ў Польшчу і мелася дабрацца да акупаваных тэрыторыяў на ўсходзе Ўкраіны (праз Расею) за тры дні. Тады Уладзімер Рошчын расказаў, што ўкраінская Служба бясьпекі пацьвердзіла сям'і, што Вікторыю захапілі ў палон расейскія сілы.
Вікторыя Рошчына была аўтаркай сэрыі рэпартажаў для ўкраінскай службы Радыё Свабода, супрацоўнічала ў 2022 годзе з выданьнем як фрылансэрка. Яна таксама супрацоўнічала з выданьнямі «Українська правда», hromadske, «Українське радіо», «UA:Перший» і «Цензор.нет».
Раней міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» (RSF) паведамляла, што больш за 100 украінскіх і замежных журналістаў, акрэдытаваных ва Ўкраіне, пацярпелі ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі. Як мінімум 12 журналістаў былі затрыманыя на акупаваных расейскімі войскамі тэрыторыях Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNN: на апублікаваных відэазапісах імаверна расейцы адразаюць галаву ўкраінскаму вайскоўцу. У Кіеве адрэагавалі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палоннымі або зьніклымі лічацца амаль 66 тысяч украінцаў, — ПАРЭ