Гэтым разам пад суд за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 году ў Берасьці трапілі тры чалавекі — Сяргей Нічыпарук, Аляксандар Клімашэвіч і Яўген Бычко. Паводле падлікаў праваабаронцаў, гэта ўжо адзінаццатая група людзей, якіх асудзілі ў Берасьці за «грубае парушэньне грамадзкага парадку» ў 2020 годзе.
Крымінальную справу супраць берасьцейцаў разглядала судзьдзя Крысьціна Папова, вынікае з прэс-рэлізу суду, які заўважылі праваабаронцы «Берасьцейскай Вясны».
У выніку разгляду справы Крысьціна Папова прысудзіла ўсім берасьцейцам тэрміны ў калёніі:
- Сяргей Нічыпарук — 1 год 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму;
- Аляксандар Клімашэвіч — 1 год калёніі агульнага рэжыму;
- Яўген Бычко — 1 год калёніі агульнага рэжыму.
Істота абвінавачваньня супраць усіх палягала ў тым, што людзі 10 жніўня 2020 году ў Берасьці «выкрыквалі лёзунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, наўмысна перашкаджалі руху транспартных сродкаў і нармальнаму функцыянаваньню прадпрыемстваў». Гэтым яны нібыта груба парушалі грамадзкі парадак.
Праваабаронцам вядома, што дырэктара берасьцейскай кампаніі Яўгена Бычко жорстка затрымалі на трасе M1 сёлета ў сярэдзіне ліпеня. Мужчыну спынілі супрацоўнікі ДАІ, а пазьней пад’ехалі сілавікі, якія яго і затрымалі. На прымусовым відэа сілавікоў берасьцеец казаў, што ўдзельнічаў у пасьлявыбарчай акцыі пратэсту ў Берасьці.
Агулам праваабаронцам вядома што ўжо 61 чалавеку прысудзілі тэрміны паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу за пратэсты 10 жніўня 2020 году ў Берасьці. Паводле гэтага артыкулу судзяць з фармулёўкай «выкрыквалі лёзунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, выходзілі на праезную частку» — гэта значыць людзей судзяць за рэалізацыю права на мірны пратэст, адзначаюць праваабаронцы. Абсалютную большасьць асуджаных за тыя акцыі пратэсту асудзілі на пазбаўленьне волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці яшчэ 5 чалавек асудзілі за ўдзел у жнівеньскай акцыі пратэсту 2020 году ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: масавы суд за за пратэсты-2020 у Берасьці, пэнсіянэрак судзяць за «экстрэмізм» і падтрымку палітвязьняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці за ўдзел у пасьлявыбарных пратэстах асудзілі адразу 11 чалавек ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся чарговы масавы суд у Берасьці за пратэсты 2020-га