Напярэдадні гэтай падзеі мы пагаварылі зь Янам Максімюком і Сяргеем Шупам, знанымі перакладчыкамі сусьветных шэдэўраў, пра тэндэнцыі ў сучаснай літаратуры, зьмену крытэраў адбору намінантаў, чаканьні і расчараваньні ў імёнах уганараваных і беларускі аспэкт ва ўсім гэтым інтрыгоўным працэсе.
Ян Максімюк: «Каб заслужыць Нобэля ў Стакгольме, трэба сьпярша адзначыцца ня толькі ў сваёй краіне, але і за мяжой»
— Мой чытацкі досьвед занадта сьціплы, каб адказаць на пытаньне пра тэндэнцыі ня тое што вычарпальна, але і прыблізна. Тэндэнцыяў, напэўна шмат, але адразу мне прыходзяць на роздум толькі дзьве.
Па-першае, ужо доўгі час назіраецца пераход у катэгорыю «мастацкая літаратура» твораў, якія раней мы называлі «дакумэнтальнай літаратурай», а цяпер клеім ім этыкетку «нонфікшн» або «аўтафікшн». Помніце, колькі было гучных спрэчак пасьля таго, як у 2015 годзе Нобэлеўскую прэмію атрымала Сьвятлана Алексіевіч? З таго часу ўспрыманьне «нявыдуманай літаратуры» выразна памянялася ў бок яе перакваліфікацыі ў «мастацкую літаратуру», у тым ліку і ў беларускім сьвеце. Вазьміце, прыкладам, прэмію Гедройця за кнігі Зьмітра Бартосіка (2017), Сяргея Дубаўца (2020), Сяргея Абламейкі (2022), Ганны Кандрацюк (2023). Пасьля Нобэля для Сьвятланы Алексіевіч быў яшчэ Нобэль для францужанкі Ані Эрно (2022), якая піша ў жанры «нонфікшн», а калі ўдакладніць, у жанры «аўтафікшн» — у яе кнігах аўтабіяграфічныя элемэнты мяшаюцца з мастацкім вымыслам. Ну і згадаем тут міжнародна вядомы «аўтафікшн» нарвэскага пісьменьніка Карла Увэ Кнёўсгора, пузатыя шэсьць тамоў аўтабіяграфічнага цыклу «Маё змаганьне» («Min kamp»).
Па-другое, у апошнія дзесяцігодзьдзі надышоў выразны росквіт так званай «жанравай літаратуры», пад якой я разумею жаночыя раманы, дэтэктывы, жахалкі, кнігі «для юнакоў» (young adults), біяграфіі розных славутых людзей, фэнтэзі, etc. За такога тыпу літаратуру Нобэля яшчэ не давалі, але ўсё, здаецца, наперадзе.
Пра крытэры нічога не скажу, бо ня бачу нічога агульнага ў такіх творцаў, прыкладам, як Кадзуо Ісігура (Нобэль 2017), Вольга Такарчук (2018) ці Юн Фосэ (2023). Бадай, адзінае, што тут можна сказаць, заключаецца ў сьцьвярджэньні: перш, чым заслужыць Нобэля ў Стакгольме, трэба сьпярша адзначыцца ня толькі ў сваёй краіне, але і яшчэ недзе за мяжой, на больш ці менш прыкметным міжнародным форуме. Кнігі Ісігура і Такарчук узнагароджваліся Букэрам, а «мінімалісцкія» п’есы Фосэ ставіліся ў тэатрах па ўсім сьвеце.
Што да неўганараваных, думаю, у кожнага тут будзе свой сьпіс. Назаву толькі два прозьвішчы апошняга часу: дацкі паэт Гэнрык Норбрант (памёр у студзені 2023-га) і амэрыканскі празаік Кормак Маккарці (памёр у чэрвені 2023-га). Ну і, мабыць, яшчэ адно прозьвішча: гішпанскі празаік Люіс Гайтысолё. Гайтысолё жыве, але яму 89 гадоў і ў Стакгольме пра яго, мабыць, ужо ня помняць.
Сярод беларускіх сучасьнікаў ёсьць годныя кандыдаты, але іх час яшчэ не надышоў. Пакуль што Нобэля даюць пісьменьнікам, народжаным у прамежку 1940–1960 гадоў. Беларускія кандыдаты нарадзіліся пазьней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвясьцілі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры. Ёю стала карэйская пісьменьніцаСяргей Шупа: «Нобэля звычайна даюць пісьменьнікам ня першай і нават не другой маладосьці»
— За сваю даволі доўгую гісторыю крытэры швэдзкіх акадэмікаў ня раз істотна мяняліся, таму шукаць у сьпісе набэлістаў нейкую лёгіку або пасьлядоўнасьць не выпадае. У выніку многія ляўрэаты пачатку ХХ стагодзьдзя недзе там і засталіся, а пісьменьнікі таго самага часу, чыя творчасьць не састарэла і сёньня, былі прэміяй абойдзеныя.
Каго мне найбольш шкада ці чыя «беспрэміяльнасьць» найбольш зьдзіўляе? Ну вось чым Марсэль Пруст горшы за Сюлі-Прудома? Або Ібсэн за яго суайчыньніка Б’ёрнст’ернэ Б’ёрнсана? Адзін з найуплывовейшых аўтараў ХХ стагодзьдзя Франц Кафка, на жаль, ня меў шанцаў — так склалася яго біяграфія і бібліяграфія.
Джэймс Джойс узвышаецца над усім корпусам ірляндзкай, эўрапейскай і сусьветнай літаратуры, а Нобэль дастаўся іншым. Уладзімір Набокаў дагэтуль у топах, а прэмію далі Шолахаву, пра якога дагэтуль невядома, ці пісаў тое, за што далі.
Аўтар ці ня самай знакавай кнігі стагодзьдзя Джордж Оруэл бясспрэчна заслужыў прэмію, але, на жаль, рана памёр, не пасьпеў... Але ж Хорхэ Люіс Борхэс пасьпеў бы, але некаму быў ня ў нос з палітычных меркаваньняў.
Што ўжо казаць пра супэрзорку Джона Толкіна, які стварыў цэлы сусьвет, у якім нямала хто сёньня часам і жыве.
З бліжэйшых краёў меў шанцы яшчэ за савецкім часам атрымаць Нобэля эстонец Яан Крос. Можна сабе ўявіць, які б гэта мела эфэкт у змрочным пачатку 1980-х...
Пад канец стагодзьдзя былі надзеі і ў беларусаў. Мы небеспадстаўна марылі пра Нобэля для Васіля Быкава і Алеся Разанава. Але ў гэтых марах было мала рэалізму: перакладамі і прамоцыяй беларускай літаратуры ў сьвеце дзяржава (БССР, а пазьней і Рэспубліка Беларусь) хоць колькі-небудзь актыўна не займалася і не займаецца дагэтуль. У выніку першым беларускім літаратурным Нобэлем стала расейскамоўная Сьвятлана Алексіевіч — яе прасоўвалі і рабілі прамоцыю розныя ўстановы і інстытуцыі іншых краінаў. Маем мы, што праўда, і яшчэ аднаго літаратара-набэліста, Алеся Бяляцкага, але не ў галіне літаратуры.
Ці ёсьць надзеі на папаўненьне сьпісу беларускіх ляўрэатаў? Я ўпэўнены, што ёсьць. Беларуская літаратура апошнімі гадамі пачала свой павольны, але ўпэўнены рух у сьвет. Перакладаецца і выдаецца на замежных мовах усё больш беларускіх кніг. Каб толькі ўсім хапіла здароўя дажыць... Нобэля звычайна даюць пісьменьнікам ня першай і нават не другой маладосьці. (Ёсьць у мяне, вядома, і свой фаварыт; калі аднойчы атрымае Нобэля, скажу, хто.)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як змагаліся за Сьвятлану Алексіевіч ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нобэлеўскую прэмію міру прысудзілі Алесю Бяляцкаму, расейскаму «Мэмарыялу» і ўкраінскаму «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў»