Суд у Бішкеку 10 кастрычніка асудзіў Махабат Таджыбек-кызы на 6 гадоў пазбаўленьня волі, а Азамата Ішэнбэкава — на 5 гадоў пасьля прызнаньня іх вінаватымі ў «стварэньні арганізаванай злачыннай групы» і «закліках да масавых беспарадкаў», паведамляе Кіргіская служба Радыё Свабода.
Таджыбек-кызы — жонка заснавальніка групы Балота Тэмірава.
Суд таксама прысудзіў Актылеку Капараву і Айке Бейшэкеевай 3 гады пазбаўленьня волі ўмоўна па тым жа абвінавачаньні.
Сямёра іншых цяперашніх і былых удзельнікаў Temirov Live былі апраўданыя.
Суд над 11 журналістамі пачаўся 7 чэрвеня на фоне заклікаў унутраных і міжнародных праваабарончых груп зняць усе абвінавачаньні і неадкладна вызваліць падсудных.
У верасьні адна з журналістак, якіх судзяць, Айке Бейшэкеева, была названая лаўрэаткай прэміі Gratias Tibi праскай праваабарончай групы Člověk v tísni («Людзі ў нястачы»).
Балота Тэмірава дэпартавалі ў Расею ў лістападзе 2022 году пасьля таго, як суд прызнаў, што ён незаконна атрымаў грамадзянства Кіргізстана.
Тэміраў, які меў кіргіскі і расейскі пашпарты, адпрэчыў абвінавачаньні і настойваў на тым, што расьсьледаваньне супраць яго распачалі пасьля таго, як ён апублікаваў расьсьледаваньне карупцыі сярод вышэйшых чыноўнікаў Кіргізстана.
Свабодная прэса і грамадзянская супольнасьць Кіргізстана традыцыйна былі самымі актыўнымі ў Цэнтральнай Азіі, але гэта зьмянілася на фоне ўзмацненьня рэпрэсій з боку ураду.
У пачатку красавіка прэзыдэнт Садыр Джапараў падпісаў спрэчны законапраект, які дазваляе ўладам рэгістраваць арганізацыі ў якасьці «замежных прадстаўнікоў», што, на думку крытыкаў, адлюстроўвае рэпрэсіўны расейскі закон аб «замежных агентах», які Масква выкарыстоўвае, каб задушыць незалежную журналістыку і НДА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіргізстане звольняць службоўцаў, якія не гавораць па-кіргіску: «Было досыць часу вывучыць»