У Менскім гарадзкім судзе ў закрытым рэжыме 29 жніўня асудзілі 35-гадовага Алега Вярцінскага. Яго прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 13 ч. 1 арт. 361-3 («Падрыхтоўка да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вэрбаваньне або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу»); ч. 1 арт. 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці альбо звады»); ч. 3 арт. 167 («Іншыя дзеяньні сэксуальнага характару, учыненыя з ужываньнем гвалту, у дачыненьні заведама малалетняга»); ч. 3 арт. 361 («Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу Беларусі»).
Праз тое, што ў 2022 годзе мужчыну ўжо асудзілі да 15 гадоў калёніі за ўдзел у пратэстах і згвалтаваньне малалетняй, канчаткова яму прызначылі 18 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах строгага рэжыму. Вырак вынес судзьдзя Аляксандар Рудэнка, паведамілі ў Вярхоўным судзе.
Улады сьцьвярджаюць, што раней Вярцінскага судзілі ўжо 11 разоў. Першы прысуд з палітычнымі артыкуламі ў 2022 годзе яму выносіла судзьдзя Марына Клімчук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 8 кастрычніка: затрыманьні сьвятара і дырэктара арганізацыі, ператрус у кватэры адвакаткі Марыі Колесавай-ГудзілінайУ сакавіку 2024 году Сьледчы камітэт заявіў, што ў студзені сьледчыя з дапамогай сучасных тэхналёгій і магчымасьцяў здабылі доказы, якія канчаткова пацьвердзілі дачыненьне Вярцінскага да злачынства, зьдзейсьненага ў 2012 годзе. Па зьвестках сілавікоў, у 2012-м ён згвалтаваў у школе 6-гадовага хлопчыка. Сам Вярцінскі казаў, што прыйшоў у школу, каб «скрасьці каштоўныя рэчы, але нічога не знайшоў і сышоў».
«Пад цяжарам прад’яўленых доказаў ён прызнаўся ў зьдзейсьненым і падрабязна расказаў пра тое, што адбылося ў сталічнай школе амаль 12 гадоў таму. Высьветлілася, што ён раней ужо судзімы за аналягічнае злачынства», — заявілі тады ў СК.
На апублікаваным СК відэа з паказаньнямі Вярцінскага бачная «жоўтая бірка» на робе, якую вязьні носяць у калёніі. Часта такую нашыўку у папраўчай установе носяць вязьні, якія стаяць на прафіляктычным уліку як «схільныя да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеяньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці яшчэ 5 чалавек асудзілі за ўдзел у жнівеньскай акцыі пратэсту 2020 году