Колькасьць крымінальных справаў за «экстрэмісцкія злачынствы» — 19 тысяч, — праваабаронца Сапелка

Турма ў Менску. Архіўнае фота

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка аналізуе маштаб і тэндэнцыі рэпрэсіяў апошніх месяцаў, адказвае на пытаньне, ці варта кантактаваць зь Юрыем Васкрасенскім, і тлумачыць, якія канкрэтна крокі беларускага рэжыму могуць прывесьці яго ў Гаагу.

Сьцісла:

  • Узровень рэпрэсіяў, які быў зададзены пасьля жніўня 2020 года, застаецца стабільна высокім.
  • Васкрасенскі не ўпаўнаважаны ні адным, ні другім бокам на тое, каб быць пасярэднікам.
  • За тры апошнія месяцы новымі палітзьняволенымі прызналі больш за 160 чалавек.
  • Калі ўлады будуць працягваць такую практыку, то маюць усе шанцы блізка пазнаёміцца з Гаагай.

— Як выглядае маштаб і глыбіня рэпрэсіяў апошнім часам, якія заканамернасьці і тэндэнцыі варта адзначыць?

— Праваабарончы цэнтр «Вясна» штомесяц выдае агляд сытуацыі за мінулы месяц. Зыходзячы з тых дадзеных, якія мы атрымліваем, рэпрэсіі маюць высокі ўзровень, больш-менш сталы характар, мяняецца толькі зьмест і суадносіны паміж відамі гэтых рэпрэсій.

У нейкі час фіксуецца больш так званых экстрэмісцкіх «злачынстваў», у іншыя тыдні больш прысудаў выносіцца за выказваньне думак, у нейкія — за ўдзел у пратэстах. Статыстыка мяняецца, але, па сутнасьці, узровень рэпрэсіяў, які быў зададзены пасьля жніўня 2020 году, застаецца стабільна высокім.

Павал Сапелка

Я хацеў бы перасьцерагчы ад таго, каб рабіць высновы адносна дадзеных на кароткіх прамежках часу. Бо часта гэтыя паказьнікі мяняюцца проста з прычынаў, не зьвязаных з узроўнем рэпрэсіяў. Бывае, што ўлады прыкладаюць намаганьні, каб скараціць доступ да інфармацыі праваабарончым структурам. Альбо ў нейкія дні адбываюцца рэйды і захопы людзей паводле адміністрацыйных артыкулаў, а потым могуць адбывацца працэсы прыцягненьня да адказнасьці гэтых захопленых людзей ужо ў крымінальных справах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэжым Лукашэнкі чакае ад дэмакратычных сілаў не саступак, а капітуляцыі», — Аляксандар Фрыдман

— Адна з адносна новых зьяваў — калі палітзьняволеныя (такія як Паліна Шарэнда-Панаасюк альбо Юрась Зяньковіч) пад ціскам вымушаныя былі даваць інтэрвію прапагандысцкім каналам, але пасьля гэтага іх не выпускалі, а наадварот, каралі ці нават дадавалі тэрмін, як Зяньковічу. Раней пасьля такіх інтэрвію людзей вызвалялі, гэта было часткай угоды. Для чаго ўлады гэта робяць зараз?

— Я ня вельмі магу разважаць ад імя гэтага рэпрэсіўнага апарату і спрабаваць ужыцца ў іхны лад мысьленьня, знайсьці нейкую лёгіку. Хаця папраўдзе, гэтая лёгіка, відавочна, ёсьць.

Калі праналізаваць нядаўнія вызваленьні ў выніку памілаваньня, то пэўная, і вельмі вялікая, доля — гэта тыя людзі, якія з гуманітарных меркаваньняў павінны былі быць адпушчаныя на волю. Яны не маглі далей знаходзіцца ў калёніях, гэта дастаўляла ім дадатковыя пакуты, апроч самога факту пазбаўленьня волі і жорсткіх умовах, якія ствараюцца для ўсіх палітвязняў. Я кажу, напрыклад, пра пажылых людзей, пра людзей з сур’ёзнымі захворваньнямі, пра шматдзетных бацькоў. І такіх была практычна траціна ад вызваленых.

Нейкая частка вызваленых, магчыма, выканала тыя ўмовы, якія перад імі ставілі ўлады. Частка — гэта былі асобы, якія зь нейкай выпадковасьці ня трапілі ў поле зроку адміністрацыі, ня мелі шматлікіх спагнаньняў, якія суправаджаюць утрыманьне ў калёніях практычна кожнага палітвязня, — іх таксама вызвалілі. Камусьці зь іх заставалася знаходзіцца ў калёніях месяц, камусьці болей. Нехта зь іх таксама ўдзельнічаў у прапагандыйскіх фільмах.

Тут акурат можна зразумець лёгіку ўладаў. Патрабаваньні аб вызваленьні гэтых вязьняў з гуманітарных меркаваньняў выстаўляліся самымі рознымі суб’ектамі, праваабаронцамі і міжнароднымі структурамі. Іх вызваленьне было разбаўленае пэўнай колькасьцю новых асуджаных. Відавочна, для таго, каб можна было сказаць, што гэта ня вы нас прымусілі, гэта наша ўласная ідэя, якую мы такім чынам рэалізавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Як спыніць рэпрэсіі? Дыскусія Вольгі Лойкі і Андрэя Стрыжака

— У грамадзтве працягваецца вялікая дыскусія на гэты конт — што можна зрабіць, каб дабіцца вызваленьня палітвязьняў, на якія саступкі тэарэтычна можна пайсьці. Менскі рэжым «прызначыў» ужо пэўных асобаў, якія зьяўляюцца сьпікерамі ў гэтым пытаньні ад уладаў — Юры Васкрасенскі, Раман Пратасевіч. Ці варта ісьці зь імі на кантакты, ці можа гэта прынесьці нейкі плён?

— Вызваленьне гэтых 115 чалавек — вельмі важны факт: і «Вясна», і ўсе праваабаронцы вітаюць іхняе вызваленьне. Але трэба разумець, што за гэты час, за тры месяцы, новымі палітзьняволенымі прызнаны 161 чалавек.

Такім чынам, Вызваленьне 115 чалавек — гэта вельмі невялікая саступка ад рэжыму, бо ў іх ёсьць на сёньня невычэрпная крыніца папаўненьня гэтага запасу.

Я ня вельмі часта прыводжу дадзеныя, пра якія зараз скажу, бо імі часта маніпулююць абодва бакі. Аднак колькасьць крымінальных справаў, заведзеных па факце так званых экстрэмісцкіх злачынстваў — 19 тысяч. Гэта азначае, што ва ўладаў ёсьць «запас» тысяч людзей толькі па ўжо заведзеных справах. Адзінае, што іх будзе крыху спыняць — гэта тэрмін даўнасьці, які, напрыклад, па падзеях пратэставай восені 2020 году заканчваецца ўвосень наступнага, 2025 году.

Цяпер наконт Пратасеевіча і Васкрасенскага. Абедзьве фігуры — гэта былыя палітвязьні, якія мелі досьвед пазбаўленьня волі і, цалкам магчыма, жорсткага абыходжаньня. І пакуль яны знаходзяцца ў такім вось уразлівым стане, я ня схільны іх крытыкаваць.

Але я таксама ня схільны разглядаць іх як нейкіх суб’ектаў, зь якім трэба весьці перамовы, дзеяньні якіх варта ўважліва і падрабязна абмяркоўваць. Выпадак Пратасевіча значна складанейшы, як мне здаецца. Што да Васкрасенскага, то я баюся, што калі-небудзь ён прымерыць шапку праваабаронцы.

Я яго ўвогуле адмаўляюся ўспрымаць як пасярэдніка паміж рэжымам і іншымі суб’ектамі (у тым ліку дэмакратычнымі, праваабарончымі), бо ён не ўпаўнаважаны ні адным, ні другім бокам на тое, каб быць пасярэднікам. Калі ён выкладае нейкія наратывы і спрабуе гэта выдаць за нейкае сваё веданьне, для мяне гэта нічога не азначае, акрамя як думка Васкрасенскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я адмовіўся прасіць памілаваньня». Дэсантнік, які ў 2020 годзе прайшоў па Салігорску зь бел-чырвона-белым сьцягам, — пра 4 гады за кратамі

— Рэжым пачаў перасьледаваць людзей, якія за межамі Беларусі выходзілі на розныя акцыі. Спачатку пачалі перасьледаваць удзельнікаў сьвяткаваньня 25 Сакавіка, цяпер заявілі, што заводзяць справы супраць удзельнікаў акцыяў, якія адбыліся ў розных гарадах сьвету 9-га жніўня. Зразумела, што рэжым імкнецца спыніць усялякую палітычную актыўнасьць беларусаў нават за межамі краіны. Але хіба немагчыма разглядаць гэта як умяшаньне ва ўнутраныя справы гэтых дзяржаў?

— Гэтым дзеяньням дало азначэньне літоўскае Міністэрства юстыцыі, калі зьвярнулася з заявай да пракурора Міжнароднага крымінальнага суду. Гэта называецца «трансьмежны перасьлед». І гэта ў сукупнасьці з дэ-факта дэпартацыяй — менавіта тое, што просяць расьсьледаваць пракурора Міжнароднага крымінальнага суду.

І беларускія ўлады, калі яны гэтую практыку ўстанавілі, і тым больш калі яны яе будуць працягваць, маюць вельмі добрыя шанцы пазнаёміцца з Гаагай. Можа быць, фізычна не адразу, аднак я люблю прыводзіць такі прыклад: Слабадан Мілошавіч, відавочна, таксама ня думаў, дзе правядзе рэшту свайго жыцьця. Але так склаўся ягоны лёс. І ўвогуле, лёс многіх дыктатараў падобны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». На які абмен з Захадам гатовы Лукашэнка? Праваабаронца Судаленка пра сваю гутарку з Васкрасенскім