Сёлета ўжо 2,9 тысячы беларусаў папрасілі міжнароднай абароны ў Польшчы

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў Польшчы ў трэцюю гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Варшава, 9 жніўня 2023 году

За першыя тры кварталы 2024 году (да канца верасьня) 12,3 тысячы замежнікаў зьвярнуліся па міжнародную абарону ў Польшчы, зь іх 2,9 тысячы заяваў падалі беларусы, распавёў прэс-сакратар Упраўленьня па справах замежнікаў Польшчы Якуб Дудзяк, піша Rzeczpospolita.

Для параўнаньня: з часу апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 году па 29 лютага 2024 году па міжнародную абарону ў Польшчы зьвярнуўся 10 161 грамадзянін Беларусі. У першым квартале 2024 году Польшча дала міжнародную абарону 670 беларусам.

Больш за ўсё заяваў на атрыманьне міжнароднай абароны ў Польшчы сёлета падалі грамадзяне Ўкраіны — 4,5 тысячы. На другім месцы — грамадзяне Беларусі (2,9 тысячы заяваў), за імі — грамадзяне Расеі (0,8 тыс.), Самалі і Эрытрэі (па 0,5 тысячы).

За 9 месяцаў гэтага году Польшча прыняла на 29% больш заяваў на атрыманьне міжнароднай абароны ад замежнікаў, чым за ўвесь 2023 год (тады падалі 9,5 тысяч заяваў). У 2022 годзе такіх заяваў было 9,9 тысячы, у 2021 годзе — 7,7 тысячы.

Усплёск зваротаў прывёў да таго, што грошы на сацыяльную дапамогу замежнікам, якія зьвяртаюцца па міжнародную абарону, скончыліся раней, чым плянавалася. Урад Польшчы выдзеліць дадаткова 19,6 млн злотых са спэцыяльнага рэзэрву Ўпраўленьня па справах замежнікаў, якіх хопіць прыкладна на тры месяцы 2024 году — для мэдыцынскага абслугоўваньня замежнікаў і іншыя сацыяльныя мэты.

Колькасьць замежнікаў, якія атрымліваюць сацыяльную дапамогу ад Ўпраўленьня па справах замежнікаў Польшчы, у канцы верасьня перавысіла 6 тысяч чалавек, пры гэтым выдаткі на сацыяльную дапамогу замежнікам, якія шукаюць міжнароднай абароны, у польскім бюджэце сёлета заплянавалі з разьліку ў сярэднім 3900 чалавек за год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Права жыць і працаваць. Якія дазволы на жыхарства атрымліваюць беларусы ў Польшчы і Літве