Школьныя клясы «Юны пракурор» адкрылі ў кожным рэгіёне Беларусі

Архіўнае фота. Падчас адкрыцьця клясы «Юны пракурор» у магілёўскай школе, 1 верасьня 2023 году

Школьныя клясы «прававой накіраванасьці» «Юны пракурор» адкрылі ў кожным рэгіёне Беларусі, вынікае са словаў генпракурора Беларусі Андрэя Шведа, які 9 кастрычніка выступіў на адкрыцьці такой клясы ў гімназіі № 1 Берасьця.

Відэафрагмэнт выступу Андрэя Шведа апублікаваў тэлеграм-канал Генпракуратуры, заўважыў «Позірк».

«Сёньня, адкрываючы пракурорскую клясу (як мы яе называем) на Берасьцейшчыне, завяршаем працу, якую пачалі летась па стварэньні ў кожным рэгіёне профільнай клясы», — сказаў Швед.

Паводле генпракурора, у клясах «Юны пракурор» дзеці «ў абавязковым парадку будуць знаёміцца з працай пракурораў і іншых праваахоўных органаў» і насіць форму, падобную на касьцюмы работнікаў пракуратуры. Таксама дзяцей будуць вывозіць на агляд месцаў здарэньня, яны будуць прысутнічаюць у залі судовага пасяджэньня, знаёміцца ў раённых і абласных пракуратурах «непасрэдна з працай пракурораў».

«Другая важная частка працы — ідэалягічная, маральная, — сказаў Швед. — Пракурорскі работнік ня толькі на працоўным месцы ўвасабляе дзяржаву, справядлівасьць, законнасьць, але і ў паўсядзённым жыцьці павінен для навакольных несьці гэтую місію».

На думку Шведа, важна, каб дзеці разумелі «ўсю адказнасьць за лёс дзяржавы, былі гатовыя да яе абароны». Ён дадаў, што ня толькі органы пракуратуры, але «калегі зь іншых праваахоўных органаў, ваенізаваных структур» ствараюць падобнага роду клясы ў школах, каб «гадаваць сапраўдных патрыётаў нашай радзімы».

Упершыню клясы «Юны пракурор» зьявіліся ў 2023 годзе ў Магілёве. Пазьней дзяржаўныя СМІ пісалі пра адкрыцьцё такіх клясаў у Горадні, Дзяржынску і Гомлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Афіцыянты» дзяржаўнага абвінавачаньня. У што за тры гады ператварылася беларуская пракуратура
  • Паводле беларускага заканадаўства, пракуратура павінна «забясьпечваць вяршэнства права, законнасьці і правапарадку, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў і арганізацый, а таксама грамадзкіх і дзяржаўных інтарэсаў» у краіне. У рэальнасьці дзейнасьць дзяржаўных абвінаваўцаў у апошнія гады ўсё больш выклікае пытаньні ў праваабаронцаў, журналістаў і прафэсійных юрыстаў.
  • Калі адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году на пасаду генпракурора замест Аляксандра Канюка быў прызначаны Андрэй Швед, прадстаўляючы апошняга, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў краіне «часам не да законаў», фактычна разьвязаўшы рукі сілавікам і праваахоўным органам.
  • З прыходам Шведа Генпракуратура стала адным з галоўных рэпрэсіўных органаў Беларусі. Ведамства адмовілася разглядаць больш за 1800 заяў грамадзян, якія пацярпелі ад жорсткіх дзеяньняў сілавікоў.
  • Таксама Генпракуратура ініцыявала ўзмацненьне адказнасьці за «экстрэмізм». Швед прапанаваў караць «за любыя праявы экстрэмізму», ня толькі за арганізацыю і кіраўніцтва «экстрэмісцкім фармаваньнем», а за фінансаваньне, прапаганду і нават выкарыстаньне сымболікі. Пазьней адпаведныя зьмены былі прынятыя Палатай прадстаўнікоў. Усё гэта вылілася ў шматлікія крымінальныя справы супраць беларусаў, недзяржаўных арганізацый і СМІ. Менавіта Генпракуратура «пахавала» справу аб гібелі Рамана Бандарэнкі на «плошчы Перамен».
  • Актывізацыя «патрыятычнага выхаваньня» ў духу ляяльнасці да дзейнай улады ўзрасла ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і наступных масавых пратэстаў. У школах увялі пасаду адмысловага вайскова-патрыятычнага выхавальніка, для дзяцей ствараюць вайскова-патрыятычныя клюбы і вайскова-патрыятычныя клясы. У асяродзьдзі настаўнікаў школ і выкладчыкаў ВНУ працягваюцца чысткі з палітычных матываў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страляць і любіць Лукашэнку. Чаму вучаць дзяцей у «клюбах Карпянкова»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьбіралі АК, стралялі, вывучалі ручныя гранаты, мералі парашуты. Як рэжым Лукашэнкі мілітарызуе дзяцей
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сутнасьць беларуса — рускасьць». Як рэжым Лукашэнкі робіць зь дзяцей «патрыётаў»