Канстытуцыйны суд Грузіі не задаволіў кансалідаваны пазоў прэзыдэнткі краіны Саламэ Зурабішвілі, апазыцыйных дэпутатаў грузінскага парлямэнту і шэрагу ўплывовых няўрадавых арганізацыяў і СМІ, якія настойвалі на прыпыненьні дзеяньня закона «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву», паведамляе «Эхо Кавказа».
Супраць прыпыненьня закону выступілі шасьцёра судзьдзяў Канстытуцыйнага суда. Двое яго падтрымалі.
Рашэньне суда дазваляе ўрадавым інстытутам прыступіць да абмежаваньня працы некамэрцыйных арганізацыяў і апазыцыйных СМІ.
Закон «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву», названы грузінскай апазыцыяй «расейскім» за падабенства з расейскім заканадаўствам супраць «іншаземных агентаў», парлямэнт Грузіі прыняў увесну 2024 году на фоне бурных акцыяў пратэсту, якія працягваліся больш за два месяцы. Закон набыў моц 1 жніўня 2024 году.
Пазоўнікі патрабавалі ад Канстытуцыйнага суда Грузіі ня поўнай адмены закона, а хаця б прыпыненьня яго дзеяньня да разгляду скаргі на яго па сутнасьці. Яны спасылаліся на тое, што новы закон перашкодзіць свабоднаму і дэмакратычнаму правядзеньню парлямэнцкіх выбараў у Грузіі, прызначаных на 26 кастрычніка 2024 году.
Праціўнікі закону «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву» называюць яго «расейскім законам», бо ён падобны на расейскі рэпрэсіўны закон «Аб іншаземных агентах», куды ўключаюць ня толькі НДА і СМІ, але і асобных грамадзян. Масква ініцыятыву «Грузінскай мары» адкрыта падтрымлівала.
Згодна з законам, грузінскія СМІ і НДА, якія атрымліваюць больш за 20% даходу з-за мяжы, павінны зарэгістравацца ў адмысловым рэестры «арганізацыяў — правадыроў замежнага ўплыву». За невыкананьне пагражае штраф да 25 тысячаў лары (прыблізна $8,5 тысячы даляраў).
Тым ня менш, найбуйнейшыя НДА Грузіі заявілі, што ня будуць рэгістравацца ў рэестры. Супраць гэтага закону выступае апазыцыя, прэзыдэнт Грузіі, а таксама заходнія краіны-партнэры. У ЭЗ прама заяўляюць, што, пакуль існуе гэты закон, працэс інтэграцыі Грузіі ў Эўразьвяз будзе замарожаны. Усе празаходнія апазыцыйныя партыі абяцаюць у выпадку перамогі на выбарах закон скасаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская моладзь, габрэйскі фонд і фэрмэры. Якія арганізацыі ўлады Грузіі першымі ўключылі ў скандальны рэестар «іншаземных агентаў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штрафы да 9 тысяч даляраў. Як новы закон аб замежным уплыве можа закрануць беларусаў у Грузіі