У Сахары паводка, больш за 20 чалавек загінулі

Сахара, ілюстрацыйнае фота

Інфармацыйнае агенцтва Associated Press паведамляе пра паводку ў Сахары — у Марока і Альжыры. За два дні ў пустыні выпала гадавая норма ападкаў. У выніку бедзтва загінулі больш за 20 чалавек.

Сахара адзін з самых засушлівых рэгіёнаў сьвету.

Урад Марока заявіў, што колькасьць ападкаў у верасьні за два дні перавысіла сярэднегадавую норму ў некалькіх раёнах, дзе выпадае менш за 250 мілімэтраў ападкаў за год.

Для параўнаньня: у Беларусі выпадае 600-700 мілімэтраў ападкаў у год.

Вада, якая цячэ празь пяскі і аазісы, прывяла да гібелі больш як 20 чалавек у Марока і Альжыры і пашкодзіла ўраджай, што прымусіла ўлады выдзеліць сродкі на надзвычайную дапамогу, у тым ліку ў некаторых раёнах, пацярпелых ад леташняга землятрусу.

Спадарожнікі NASA паказалі, што ў Марока вада напаўняе дно возера Ірыкі, якое было сухім на працягу 50 гадоў.

«Прайшло ад 30 да 50 гадоў з таго часу, як у нас было столькі дажджоў за такі кароткі прамежак часу», — сказаў Хусін Юабеб з Галоўнага ўпраўленьня мэтэаралёгіі Марока.

Такія дажджы, якія мэтэаролягі называюць пазатрапічным штормам, могуць зьмяніць надвор’е ў рэгіёне на наступныя месяцы і гады, паколькі ў паветры больш вільгаці, гэта выклікае большае выпарэньне і выкліча больш штормаў, сказаў Юабеб.

Шэсьць гадоў засухі стваралі праблемы для большай часткі Марока, прымушаючы сялянаў пакідаць палі незасеянымі, а гарады і вёскі — эканоміць ваду. Вялікая колькасьць ападкаў, хутчэй за ўсё, дапаможа папоўніць вялікія ваданосныя гарызонты падземных водаў пад пустыняй. Рэгіённыя вадасховішчы напаўняліся рэкорднымі тэмпамі на працягу верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Флорыда рыхтуецца да наймацнейшага за 19 гадоў урагану «Мілтан»