Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Флорыда рыхтуецца да наймацнейшага за 19 гадоў урагану «Мілтан»


Жыхары Флорыды, якія эвакуююцца ад урагану, 8 кастрычніка 2024
Жыхары Флорыды, якія эвакуююцца ад урагану, 8 кастрычніка 2024

На штат Флорыда ў ЗША рухаецца наймацнейшы з 2005 году ўраган «Мілтан». Мясцовыя ўлады заклікалі мільёны людзей эвакуавацца і тэрмінова прыбіраюць абломкі ад папярэдняга ўрагану «Гэлен».

Хуткасьць ветру ўрагану «Мілтан» цяпер дасягае 260 кілямэтраў за гадзіну, паведамляе Associated Press са спасылкай на зьвесткі Нацыянальнага цэнтру ЗША ў маніторынгу ўраганаў. Паводле прагнозаў сыноптыкаў, ураган захавае сваю сілу, калі выйдзе на сушу (чакаецца, што гэта адбудзецца ў ноч зь серады на чацьвер, 10 кастрычніка). Дакладнае месца выхаду «Мілтана» ўсё яшчэ не вядомае.

Амаль у палове акруг штату Флорыда абвясьцілі штармавое папярэджаньне. Улады Флорыды выдалі загад пра абавязковую ці добраахвотную эвакуацыі, які закранае больш за 5,5 мільёна чалавек, падлічыла газэта New York Times.

Дарогі штату запоўненыя аўтамабілямі, але некаторыя жыхары прынцыпова адмовіліся пакідаць свае дамы. Іх папярэдзілі, што ратавальнікі ня будуць рызыкаваць жыцьцём у разгар шторму.

Чарга з аўтамабіляў, якая накіроўваецца з горада Нэйплс у штаце Флорыда ў бок Маямі, 8 кастрычніка 2024
Чарга з аўтамабіляў, якая накіроўваецца з горада Нэйплс у штаце Флорыда ў бок Маямі, 8 кастрычніка 2024

Кіраўнік горада Тампа Джэйн Кастар паведаміла, што вышыня штармавога нагону можа скласьці 4,5 мэтра і паглынуць цэлы дом. «Так што, калі вы знаходзіцеся ў ім, па сутнасьці, вы знаходзіцеся ў труне», — сказала Кастар.

A view shows an AquaFence barrier at Tampa General Hospital, as Hurricane Milton approaches, in Tampa, Florida, U.S., October 9, 2024. REUTERS/Octavio Jones
Агароджа вакол шпіталя горада Тампа, усталяваная ў сувязі з набліжэньнем урагану «Мілтан», 9 кастрычніка 2024

Адначасова ўлады Флорыды тэрмінова прыбіраюць абломкі пасьля ўрагану «Гэлен», асьцерагаючыся, што тыя пры моцным ветры ператворацца ў снарады. Паводле губэрнатара Флорыды Рона Дэсантыса, у прыбіраньні вуліц задзейнічана больш за 300 самазвалаў і звыш 8 тысячаў вайскоўцаў, што Дэсантыс назваў «найбуйнейшай мабілізацыяй у гісторыі штату напярэдадні шторму».

У выніку ўрагану «Гэлен», які абрынуўся на Флорыду і прайшоў яшчэ па некалькіх штатах ЗША ў канцы верасьня, загінулі сама меней 230 чалавек, былі затопленыя прыбярэжныя і рачныя раёны, разбураныя дарогі і дамы, паваленыя дрэвы, больш за 2 мільёны спажыўцоў засталіся без электрычнасьці.

Ураганы, падобныя «Мілтану» і «Гэлен», робяцца мацнейшымі па меры зьмены клімату — яны падсілкоўваюцца акіянічнымі водамі, якія робяцца ўсё цяплейшымі. Лета 2024 году стала самым сьпякотным у гісторыі назіраньняў. Чакаецца, што такім стане ўвесь бягучы год, пабіўшы леташнія тэмпэратурныя рэкорды.

З прычыны падвышэньня глябальнай тэмпэратуры паветра паводкі, засухі, лясныя пажары, штормы, хвалі холаду і сьпякоты адбываюцца часьцей і робяцца больш інтэнсіўнымі. Стыхійныя бедзтвы прыводзяць да гібелі і міграцыі людзей і жывёлаў і разбурэньня дамоў і інфраструктуры.

Зважаючы на прагназаваную траекторыю і сілу ўрагану «Мілтан», прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн адклаў паездку ў Нямеччыну і Анголу, каб пракантраляваць меры рэагаваньня на стыхію, а таксама ліквідацыі наступстваў урагану «Гэлен».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG