Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін уручыў Аляксандру Лукашэнку ордэн Сьвятога апостала Андрэя Першазванага.
«Ён [ордэн] заснаваў некалі Пётар I за асаблівыя заслугі, я пра гэта скажу. У гэтым выпадку — за асаблівыя заслугі ва ўмацаваньні двухбаковых сувязяў паміж Расеяй і Беларусьсю. Вы вельмі шмат зрабілі для гэтага», — сказаў Уладзімір Пуцін.
Уладзімір Пуцін паведаміў, што Расея з 4,5 мільярда даляраў займае першае месца паводле аб’емаў прамых інвэстыцый у беларускую эканоміку, і нагадаў, што «Беларусь называлі зборачным цэхам Савецкага Саюзу».
«Дзякуючы вашым намаганьням гэтыя пэўныя перавагі ў галіне эканомікі, прамысловай вытворчасьці за Беларусьсю захаваліся. Таму ў нас ёсьць магчымасьць супольна, дапаўняючы адзін аднаго, рухацца па ўсіх гэтых і некаторых іншых кірунках», — дадаў Пуцін.
Аляксандар Лукашэнка сказаў у адказ, што захаваньне створаных у савецкі час прадпрыемстваў цяпер «прыдалося».
«Сёньня мы разам працуем па шматлікіх кірунках, вырабляем тавары. Яны ў асноўным знаходзяць попыт у Расейскай Фэдэрацыі. Расеі патрэбны тыя тавары, якія мы вырабляем. Ад сельскай гаспадаркі да мікраэлектронікі», — сказаў Лукашэнка.
Ён дадаў, што Захад ставіў перад сабой пляны нібыта «задушыць» Расею і Беларусь у эканоміцы і фінансах. Але, паводле яго, гэта «не атрымалася».
30 жніўня Аляксандар Лукашэнка адзначыў 70-годзьдзе. Пуцін да юбілею падпісаў указ аб узнагароджаньні яго ордэнам Андрэя Першазванага.
Ордэн Святога апостала Андрэя Першазванага быў першым ордэнам і найвышэйшай узнагародай у Расейскай імпэрыі. Узнагароду заснаваў у канцы XVII стагодзьдзя цар Пётар I. Яна была адноўленая ў Расейскай Фэдэрацыі ў 1998 годзе.
Ордэнам былі ўзнагароджаныя, сярод іншых, патрыярх Кірыл, Міхаіл Гарбачоў, Нурсултан Назарбаеў, Гейдар Аліеў, Сі Цзіньпін, Нарэндра Модзі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі назвалі колькасьць падпісаных з прадпрыемствамі Беларусі кантрактаў з пачатку вайны супраць Украіны- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- За падтрымку Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, трэніроўкі і вайсковыя зборы, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы зь Беларусьсю.