У незалежнай Беларусі было вынесена каля 400 сьмяротных прысудаў. Колькі выканана, дакладнай інфармацыі няма. Праваабаронцам вядомыя 4 выпадкі, калі Лукашэнка праявіў «акты гуманізму» і памілаваў асуджаных на сьмерць.
10 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень супраць сьмяротнага пакараньня. Беларусь застаецца адзінай краінай ў Эўропе, дзе караюць сьмерцю, нягледзячы на судовыя памылкі і незваротнасьць такога пакараньня.
Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе выконваюцца сьмяротныя прысуды
У 140 краінах сьвету сьмяротнае пакараньне ўжо скасавалі.
Нават у суседняй Расеі з 16 красавіка 1997 году пакараньне сьмерцю ня можа ні прызначацца, ні выконвацца.
Пакараньне сьмерцю захоўваецца ў краінах з рознымі палітычнымі сыстэмамі: і ў Паўночнай Карэі, і ў некаторых штатах ЗША, у Японіі, Індыі.
«Шмат якія асаблівасьці — савецкая спадчына, яны „перавандравалі“ ў практыку і ў заканадаўства Рэспублікі Беларусь з Савецкага Саюзу», — лічыць каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда.
Нягледзячы на ўзятыя Беларусьсю як дзяржавай – удзельніцай Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ) абавязаньні даваць грамадзкасьці інфармацыю аб стасаваньні сьмяротнай кары, усе зьвесткі аб вынесеных і прыведзеных у выкананьне прысудах засакрэчаныя.
Рэфэрэндум
Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на рэфэрэндуме 26 лістапада 1996 году супраць скасаваньня сьмяротнага пакараньня выказаліся 80,44% тых, хто меў права ў ім ўдзельнічаць. Рашэньне таго рэфэрэндуму мела кансультацыйны (неабавязковы) характар.
Як заяўляе каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда, юрысты, праваабаронцы лічаць, што такія пытаньні, як сьмяротнае пакараньне, ня мусяць выносіцца на рэфэрэндум.
«Гэтыя пытаньні ляжаць у вельмі сур’ёзнай эмацыйнай сфэры, людзі галасуюць ня розумам, а толькі нейкімі эмоцыямі. Я ня ведаю ніводнай краіны, дзе сьмяротнае пакараньне скасавалі праз рэфэрэндум, гэта заўсёды палітычная воля дзяржавы», — кажа праваабаронца Андрэй Палуда.
Стрэлы ў патыліцу
Сама працэдура выкананьня сьмяротнай кары ў сьвеце розная. Ёсьць розныя інструмэнты, пры дапамозе якіх забіваюць людзей нават паводле закону: электрычнае крэсла, іньекцыі, расстрэл, павешаньне, забіваньне камянямі, гільятына.
Раней у Беларусі, з словаў былога начальніка СІЗА № 1 Алега Алкаева, які адначасова кіраваў і спэцыяльнай камандай, што зьдзяйсьняла прысуды, сьмяротнікаў вывозілі ў таемныя месцы да загадзя падрыхтаваных магілаў, дзе забівалі стрэлам у патыліцу, а самыя пахаваньні маскавалі. Алкаеў спрасьціў працэдуру, і асуджаных на сьмерць сталі расстрэльваць проста на «Валадарцы».
«У Беларусі гэта робіцца толькі праз стрэл у патыліцу. Сьмяротныя прысуды выносяць толькі мужчынам, якія дасягнулі ўзросту 18 гадоў, калі яны ўчынілі злачынства, і да 65 гадоў — калі выконваецца прысуд. Калі чалавек псыхаэмацыйна не разумее і не ўсьведамляе, што гэта пакараньне, то яго будуць спачатку лячыць, а калі падлечаць, расстраляюць», — тлумачыць спадар Палуда.
Акрамя саміх выканаўцаў сьмяротнага прысуду, на месцы расстрэлу знаходзіцца пракурор, які адсочвае законнасьць, і доктар, які канстатуе сьмерць. Пры жаданьні асуджанага можа прысутнічаць сьвятар.
Дзе цяпер будуць выконваць сьмяротныя прысуды, праваабаронцам невядома. СІЗА № 1 пераехала ўвесну 2024 году ў новае памяшканьне ў Калядзічы.
Цела сваякам не выдаюць
Сваякам не паведамляюць і месца пахаваньня «сьмяротніка», кажуць праваабаронцы.
«Гэта робіць яшчэ больш антыгуманным такі від пакараньня. Нявыдача цела для пахаваньня — дадатковы фактар траўмы для сям’і, блізкіх пакаранага сьмерцю. Пра месцы пахаваньня ходзяць розныя чуткі, часьцей за ўсё называюць Паўночныя могілкі ў Менску», — кажа праваабаронца Андрэй Палуда.
Падобную практыку яшчэ ў 2003-м Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў бесчалавечнай у дачыненьні да сваякоў пакараных сьмерцю.
Прыкладна 400 сьмяротных прысудаў
Колькі чалавек былі асуджаныя на пакараньне сьмерцю, дакладна невядома, сьцьвярджае праваабаронца Андрэй Палуда.
«Прыкладна вядомыя лічбы прысудаў, а прыведзеных у выкананьне — не». Паводле сайту МУС, на які спасылаецца Беларускі Хэльсынскі камітэт, у 1998 годзе вынесьлі 47 сьмяротных прысудаў, у 2000 годзе — 13, у 2012 і 2014 гадах сьмяротныя прысуды не выносіліся.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», усяго ў незалежнай Беларусі вынесьлі каля 400 сьмяротных прысудаў. Такі прысуд могуць атрымаць і замежныя грамадзяне. Да прыкладу, грамадзянін Нямеччыны Рык Крыгер у 2024 годзе, якога Лукашэнка празь некалькі дзён пасьля прысуду памілаваў.
За якія злачынствы караюць сьмерцю
Да апошніх зьменаў у заканадаўстве сьмяротнае пакараньне ў Беларусі выносілі ў 12 катэгорыях злачынстваў у мірны час і ў дзьвюх — у ваенны.
«Калі мы гаворым пра самыя пашыраныя злачынствы, то ў асноўным гэта артыкул 139 — забойства пры абцяжлівых абставінах (у стане алкагольнага ап’яненьня, пілі разам, спрачаліся, раніцай прачнуўся — побач труп, нож). Часьцяком гэтыя выпадкі ўмоўна бытавыя (гэта ня кілеры, якія такім займаюцца прафэсійна)», — сьцьвярджае Андрэй Палуда.
Толькі адзін раз у незалежнай Беларусі быў вынесены сьмяротны прысуд у справе «тэрарызм». Ідзецца пра гучную справу Кавалёва і Канавалава за выбух у менскім мэтро ў 2011 годзе.
У 2022–2023 гадах у заканадаўства былі ўнесеныя зьмены, якія пашырылі магчымасьць вынясеньня сьмяротных прысудаў.
«Найперш зьмены тычацца суб’ектаў — пад сьмяротнае пакараньне трапляюць так званыя „людзі гасударавы“, вайскоўцы. І было ўведзена новае: могуць прысудзіць сьмяротнае пакараньне за рыхтаваньне пэўнага складу злачынства, напрыклад тэракту», — тлумачыць праваабаронца Андрэй Палуда.
За 30 гадоў памілавалі толькі 4 чалавекі
Абскардзіць сьмяротны прысуд можна, напісаўшы ў 10-дзённы тэрмін зварот у Вярхоўны суд, аднак гэта малаэфэктыўна. Другі спосаб — прашэньне аб памілаваньні кіраўніку дзяржавы.
Праваабаронцам вядомыя чатыры выпадкі, калі Аляксандар Лукашэнка праявіў акт гуманізму.
У 1990-я быў памілаваны асуджаны на сьмерць Сяргей Паціраеў. Падрабязнасьцяў пра ягоную справу праваабаронцы амаль ня маюць.
У 2021 годзе былі памілаваныя браты Станіслаў і Ільля Косьцевы, якія забілі сваю суседку-настаўніцу. Але іх ня вызвалілі, а перавялі на пажыцьцёвае зьняволеньне.
У 2024 годзе быў памілаваны грамадзянін Нямеччыны Рык Крыгер.
«Што да справы Рыка Крыгера, да яго быў выкарыстаны акт гуманізму. Яго не расстралялі. Працэс адбыўся вельмі хутка. Але там шмат туману. І нават зараз я ня бачыў, каб нямецкія журналісты ўзялі ў яго вялікае інтэрвію, дзе ён бы патлумачыў, у чым была рэч. Нават калі ён учыніў выбух, там не было ані ахвяраў, ані нейкіх вялікіх пашкоджаньняў. Вельмі шмат пытаньняў. Я вітаю, што чалавеку захавалі жыцьцё, нягледзячы на ўсе абставіны, якіх мы да канца ня ведаем», — кажа праваабаронца Андрэй Палуда.
Судовыя памылкі
19 траўня 1987 году Генадзь Міхасевіч быў прызнаны вінаватым у наўмысных забойствах 33 жанчын у пэрыяд з 1971-га па 1985 год у Віцебскай вобласьці. Міхасевіч быў прыгавораны да сьмяротнага пакараньня і расстраляны 19 студзеня 1988 году. Аднак датуль у «віцебскай справе» было памылкова асуджана 8 чалавек, Міхаіла Цярэню расстралялі, сем чалавек асудзілі на вялікія тэрміны.
Яшчэ адна з самых вядомых судовых памылак — Міхаіл Гладкі, якому ў 2003 годзе інкрымінавалі забойства маці і брата.
Потым Гладкага асудзілі толькі за забойства брата, далі 8 гадоў. Праз 6,5 года Міхаіл Гладкі выйшаў на волю, амаль цалкам адбыўшы тэрмін. А ў 2011 годзе сьледзтва знайшло сапраўданага забойцу — Эдуарда Лыкава, якога асудзілі на сьмерць.
«Міхаілу Гладкаму прыслалі рашэньне суду аб тым, што ён не вінаваты, то бок апраўдальны вырак. Атрымліваецца, ён адседзеў ні за што. Калі б сапраўды было забойства маці і брата, была б вялікая імавернасьць, што Гладкі атрымаў бы сьмяротнае пакараньне. Мы спрабавалі дапамагчы яму адсудзіць хаця б кампэнсацыю, але не ўдалося. Міхаіл Гладкі хацеў патраціць грошы на помнікі маці і брату.
Дарэчы, за гэтую судовую памылку нікога асабліва і не пакаралі. Маўляў, Міхаіл Гладкі сам сябе агаварыў», — расказаў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда.