У Горадні і Баранавічах масава зачыніліся кіёскі сеткі «Табакерка». Выданьне «Люстэрка» высьветліла, у чым прычыны іх закрыцьця.
Карэспандэнт «Люстэрка» як мясцовы жыхар патэлефанаваў у горадзенскі і берасьцейскі філіялы кампаніі «Энэрга-Оіл», якая кіруе сеткай «Табакерка», і даведаўся, што адбываецца.
«Адчыніцца ўсё, але дату я назваць не магу. Цяпер ідзе рэарганізацыя прадпрыемства. Вобразна кажучы, яно дзеліцца на два. Трэба пачакаць, пакуль адна арганізацыя здае, а другая прымае. „Табакеркі“ запрацуюць на тых жа месцах, дзе яны цяпер стаяць», — адказалі ў філіяле «Брэст-тытунь» кампаніі «Энэрга-Оіл».
Супрацоўніца запэўніла, што гэтыя працэсы зоймуць «каля трох тыдняў, максымум — месяц». Як плянуецца, пасьля адкрыцьця ў гандлёвых пунктах будуць прадаваць той жа асартымэнт, што і раней.
У філіяле «Гродна-тытунь» кампаніі «Энэрга-Оіл» адказалі аналягічна: закрыцьцё часовае, прычына — зьмяняецца ўласьнік. «Думаю, што на працягу двух тыдняў „Табакеркі“ будуць працаваць так, як і працавалі раней», — паведамілі ў кампаніі.
Пры гэтым ні ў адным з філіялаў не змаглі расказаць якія-небудзь іншыя падрабязнасьці пра будучыя зьмены ў працы «Табакерак».
- Сеткай кіёскаў «Табакерка» кіруе кампанія «Энэрга-Оіл» сям’і Аляксея Алексіна. Сам бізнэсовец, якога называюць набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі, знаходзіцца пад санкцыямі як адзін з «кашалькоў» палітыка.
- У студзені 2021 году стала вядома, што Алексін перапісаў кампаніі на сыноў, як мяркуецца, баючыся санкцыяў. На той момант у схеме бенэфіцыярных уласьнікаў на сайце «МТБанка» было ўказана, што па 40% долі ў «Энэрга-Оіл» прыпадае на Віталя і Дзьмітрыя Алексіных, яшчэ 20% — на Іну Алексіну (жонку бізнэсоўцы).
- У жніўні 2021 году і сама кампанія «Энэрга-Оіл» таксама апынулася пад санкцыямі. А ў красавіку 2022 году ўказам Лукашэнкі бізнэс Алексіна выключылі са сьпісу кампаній, якія маюць выключнае права на імпарт тытунёвай сыравіны і вырабаў.