Малгажата Гасеўская ў сваім звароце нагадала, што Дэлегацыю стварылі ў 1994 годзе, неўзабаве пасьля таго, як Беларусь зноў атрымала незалежнасьць. Гасеўская пацьвердзіла, што сёньня Эўрапейскі Парлямэнт ня мае афіцыйных сувязяў з парлямэнтам Беларусі, бо гэтая дзяржава адказная за шматразовыя парушэньні прынцыпаў правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў, а таксама за невыкананьне міжнародных стандартаў дэмакратыі і вяршэнства права.
«У адказ на сфальсыфікаваныя прэзыдэнцкія выбары 9 жніўня 2020 году і наступныя жорсткія рэпрэсіі супраць дэмакратычных сілаў, актывістаў грамадзянскай супольнасьці, незалежных прафсаюзаў, незалежных СМІ і мірных пратэстоўцаў Эўрапейскі Парлямэнт заняў адназначную пазыцыю і не прызнаў ні вынікаў выбараў, ні Аляксандра Лукашэнку законным лідэрам і прэзыдэнтам Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні кіраўніцы дэлегацыі Эўрапарлямэнту.
Яна адзначыла, што ў шматлікіх рэзалюцыях, прынятых з 2020 году, Эўрапарлямэнт рашуча асудзіў беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі і сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека, учыненыя рэжымам Лукашэнкі, і пацьвердзіў сваю салідарнасьць і нязломную падтрымку сьмеламу народу і беларускай грамадзянскай супольнасьці, якія «працягваюць адстойваць спадчыну першай незалежнай, свабоднай і дэмакратычнай Беларусі».
Таксама Малгажата Гасеўская згадала пра беларускіх палітвязьняў, якія «знаходзяцца ў бесчалавечных умовах, зазнаюць катаваньні і жорсткае абыходжаньне, часта пазбаўленыя доступу да мэдычнай дапамогі і праўнай абароны».
«Нашыя дзеяньні і намаганьні, якія шчыльна каардынуюцца зь іншымі эўрапейскімі інстытутамі і дзяржавамі-сябрамі, павінны быць накіраваныя на неадкладнае і безумоўнае вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі і іх поўную рэабілітацыю», — заявіла Гасеўска.
Яна падкрэсьліла, што дзейнасьцю Дэлегацыі ў гэтай кадэнцыі будуць кіраваць «законныя памкненьні народу Беларусі да эўрапейскай будучыні сваёй радзімы».
«На фоне спробаў Расеі падарваць сувэрэнітэт Беларусі, ператварыўшы яе ў сваё дзяржаву-сатэліт, мы настроеныя і надалей працягваць нястомную працу з Аб’яднаным пераходным кабінэтам на чале з спадарыняй Сьвятланай Ціханоўскай і Каардынацыйнай радай для дасягненьня мэты — пабудовы дэмакратычнай, сувэрэннай, інклюзіўнай і квітучай Беларусі», — гаворыцца ў заяве кіраўніцы дэлегацыі Эўрапарлямэнту Малгажаты Гасеўскай.
- Эўрапарлямэнт прызначыў дэпутатку ад Польшчы Малгажату Гасеўскую на пасаду кіраўніка Дэлегацыі для дачыненьняў зь Беларусьсю ў пачатку кастрычніка 2024 году.
- Першым намесьнікам Гасеўскай абралі Тумаса Тубэ, дэпутата Эўрапейскай народнай партыі ад Швэцыі (Moderaterna Sweden), а другім намесьнікам польскага дэпутата Міхала Кабоску ад партыі «Польшча 2050 Шымана Галоўні».