Былая палітзьняволеная расказала пра катаваньні жанчын ў беларускіх вязьніцах: на Акрэсьціна, у СІЗА, у калёніі 

Натальля Кукішава. Архіўнае фота

Гісторыю былой палітзьняволенай Натальлі Кукішавай з жорсткімі падрабязнасьцямі і камэнтарамі аб перажытым у вязьніцах пераказаў праваабарончы цэнтар «Вясна». 

Як піша сайт праваабарончага цэнтру «Вясна», Натальля Кукішава жыла ў Воршы, да арышту ўвосень 2021 году працавала зубным лекарам. Жанчыну арыштавалі пасьля яе камэнтару ў сацыяльнай сетцы наконт сюжэту БТ пра Андрэя Зельцара, які застрэліў супрацоўніка КДБ, калі той уварваўся ў ягоную кватэру. Але падставай для суду сталі іншыя камэнтары — пра Лукашэнку. У выніку суду Натальля Кукішава атрымала два гады калёніі. За кратамі яна пабывала ў турме на Акрэсьціна, у віцебскім і жодзінскім СІЗА, заканчвала тэрмін у жаночай калёніі ў Гомлі.

Катваньні на Акрэсьціна

У менскім ІЧУ на Акрэсьціна Натальля сядзела ў 2-меснай камэры разам з 16 іншымі затрыманымі.

«У камэры не зачыняўся туалет і не выдавалі туалетную паперу. Было вельмі халодна, бо не працавала ацяпленьне. Спаць даводзілася на падлозе, некаторым — седзячы. Замест падушкі выкарыстоўвалі бохан хлеба», — паведаміла Натальля Кукішава праваабаронцам.

Натальля кажа, што кантралёры-мужчыны пастаянна прыніжалі ўвязьненых жанчын, чым даводзілі некаторых да гістэрыкі.

«Неяк ад стрэсу ўва ўсіх у адзін дзень пачалася мэнструацыя. Але супрацоўнікі ізалятару ня выдалі нам ніводнай пракладкі», — сьцьвярджае былая палітзьняволеная.

У Жодзіне ніхто не лячыў

Паводле Натальлі Кукішавай, такая ж сытуацыя была і ў жодзінскай сьледчай турме. Там зь ёю ў адной камэры сядзела палітзьняволеная пэнсіянэрка, у якой было вельмі слабое здароўе, але ніякай палёгкі ад ахоўнікаў жанчына не дачакалася.

«Яна ляжала тры дні запар і нават не магла падняцца, бо моцна кружылася галава. Я на яе глядзела і думала, што яна ня выжыве. Ніхто нічога не лячыў», — згадала Натальля. Гэтую пэнсіянэрку былая палітзьняволеная ўспомніла яшчэ раз, калі апавядала, як у вязьнцы праводзілі праверкі на калідоры.

«Аднойчы на праверцы жанчынам загадалі сесьці на кукішкі. Тая пэнсіянэрка не ўтрымалася і ўпала. Толькі пасьля таго, як жанчына расплакалася, зьняволеных перасталі саджаць на кукішкі», — згадала Натальля. Яна кажа, што чула, як мужчын з суседніх камэраў прымушалі бегаць па калідоры і хадзіць на кукішках.

Таксама Натальля расказала пра выпадак, калі іншая сукамэрніца страціла прытомнасьць у часе праверкі.

«Яна ўпала на падлогу. Правяральнікі не датыкаліся да яе, сказалі, каб мы самі падымалі. Прыйшоў лекар, даў таблетку і сказаў праз тры гадзіны падымацца. Ніякага абсьледаваньня ніхто не рабіў».

Паводле Натальлі, разам зь ёю сядзела яшчэ адна жанчына, якая застудзіла мачавік і не магла схадзіць у туалет. Але і яна не дамаглася лячэньня.

«У камэры ў Жодзіне была зламаная аконная рама, безупынна дзьмуў вецер. Мне скразьняком прадзьмула вуха. Ніхто, вядома ж, нічога не лячыў. Нас адразу папярэдзілі: «Калі вы захварэеце, ніхто вас тут лячыць ня будзе».

Віцебскі СІЗА — найгоршы

З жодзінскай турмы Натальлю этапавалі ў віцебскі СІЗА, і там яна пераканалася, што мелі рацыю тыя, хто называў гэты ізалятар найгоршым.

«Там абсалютна іншае стаўленьне да палітвязьняў. Напрыклад, падчас прыбіраньня да нас прыходзіў правяральнік, надзяваў чорную гумовую пальчатку і праводзіў пальцам па кутах. Калі на пальчатцы заставаўся пыл, на цябе пісалі рапарт. Назаўтра ты зноў дзяжурыш, і калі зноў знаходзяць пыл, цябе адпраўляюць у карцар», — расказала Натальля Кукішава пра СІЗА ў Віцебску.

Яшчэ яна згадала, як ў СІЗА ўвесь час уключалі радыё з трансьляцыяй Першага нацыянальнага каналу. Натальля мяркуе, што радыё наўмысна ўключалі вельмі гучна, каб вязьні ня чулі, што адбываецца на калідоры.

З успамінаў пра віцебскі СІЗА засталося і тое, што там арыштанткам не давалі дастаткова туалетнай паперы і часта адключалі ваду ў туалеце — бывала, на ўвесь дзень, а таму ў камэры стаяў невыносны смурод.

Гомельская жаночая калёнія: забарона на спачуваньне і салідарнасьць

Апошнія 5 месяцаў тэрміну Натальля Кукішава адбывала ў гомельскай жаночай калёніі. Жанчына мяркуе, што правілы распарадку ў калёніі накіраваныя на тое, каб зьняволеныя не маглі праяўляць эмпатыю і салідарнасьць. Напрыклад, вязьням забаранялася дзяліцца якімі-хаця рэчамі.

«Калі дзяўчына сядзіць безь перадач і я захачу падтрымаць яе сваімі рэчамі або ежай, то за гэта адразу пакараньне», — расказала былая палітзьняволеная.

Зьняволеныя жанчыны казалі Натальлі, што так у калёніі стала менавіта пасьля 2020 году, калі пачалі масава зьяўляцца палітычныя вязьні.

Натальля Кукішава выйшла зь вязьніцы летась у сакавіку, але ціск сілавікоў працягваўся, і яна мусіла зь сям’ёй выехаць зь Беларусі. Цяпер Натальля кажа, што ў звычайным жыцьці не магла ўявіць, наколькі абсурднымі могуць быць турэмныя правілы.

«Пакуль я там не пабыла, увогуле ня ведала, што такое можа быць. Турэмны парадак — гэта такі дурдом, які ў нармальных людзей ня ўкладваецца ў галаве. Я разумела, што ў турмах агулам ня вельмі добра. Але ніколі раней ня бачыла, каб да людзей так жахліва ставіліся. Пастаянныя рапартаваньні і прыбіраньні, забарона сядаць на ложак, пакараньне за „няправільна“ засьцелены ложак, немагчыма раней за 21:30 пераапрануцца ў сваё адзеньне, немагчыма памыцца, калі трэба. Калёнія накіраваная не на выпраўленьне, а на прыніжэньне чалавека. Каб разьвіць у цябе страх і каб ты туды баяўся трапіць наступны раз. Самі супрацоўнікі калёніі нам казалі: „Вашае жыцьцё тут мусіць быць такім, каб вы сюды больш не захацелі“».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: У Беларусі назіраецца рост палітычных рэпрэсій
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не мужчынам, якія зьехалі ў 2020-м, расказваць мне пра рэпрэсіі і катаваньні». Гарбунова — пра прычыны адстаўкі