«Не, не ў двухбаковым парадку без Украіны. Украіна павінна мець права голасу ў пытаньні аб будучыні Ўкраіны», — сказала Камала Гарыс у інтэрвію CBS.
Адказваючы на пытаньне, ці падтрымае яна сяброўства Кіева ў NATO, Гарыс назвала гэта тэмай, якая будзе паднятая, «калі дойдзе да гэтага».
Таксама яна заявіла, што калі б яе супернік Дональд Трамп быў прэзыдэнтам, то «Пуцін бы цяпер сядзеў у Кіеве». У верасьні падчас дэбатаў Трамп заявіў, што завершыць вайну ва Ўкраіне да таго, як заступіць на пасаду.
«Давайце растлумачым. Ён кажа, што можа пакласьці канец гэтаму ў першы ж дзень. Ведаеце, што гэта значыць? Гаворка ідзе аб капітуляцыі», — лічыць Гарыс.
Яна запэўніла, што будзе працаваць, «каб дапамагчы Ўкраіне ўзяць верх у гэтай вайне, каб яна дабілася бясьпекі і працьвітаньня».
У ходзе інтэрвію Камала Гарыс таксама адказала на пытаньні, як яна мяркуе аплачваць шчодрыя сацыяльныя праграмы, якія абяцае ажыцьцявіць у выпадку перамогі на выбарах, і чаму адміністрацыя Байдэна некалькі гадоў не прымала неабходных захадаў для ўмацаваньня мяжы з Мэксыкай, якую за гэты час нелегальна перасеклі мільёны мігрантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп vs Гарыс. Хто каго «зьесьць на абед» пасьля выбараў у ЗША ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША патлумачылі адмову зьбіваць расейскія ракеты над Украінай