Супраць нямецкага дэпутата, які выкарыстоўваў працу беларускіх палітвязьняў, на радзіме завялі справу

Ёрг Дорнаў

Нямецкая пракуратура зямлі Саксонія пачала папярэдняе расьсьледаваньне паведамленьняў аб тым, што ўльтраправы дэпутат Ёрг Дорнаў выкарыстоўваў працу зьняволеных на сваёй фэрме ў Беларусі.

Ёрг Дорнаў зьяўляецца сябрам ультраправай папулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD). Ён саўладальнік ТАА «Цыбулька-Бел», сельскагаспадарчага прадпрыемства ў Беларусі.

Нядаўна зьявілася інфармацыя пра тое, што беларусаў, якіх рэжым Лукашэнкі судзіў у адміністрацыйных справах, адпраўлялі працаваць на плянтацыі цыбулі, якія належаць кампаніі Дорнаў.

Генэральны сакратар AfD у Саксоніі Ян Цвэрг заявіў, што партыя «вітае той факт, што гэтая справа цяпер расьсьледуецца юрыдычна чыстым і заснаваным на фактах чынам. Мы давяраем незалежнай саксонскай судовай сыстэме». Ягоныя словы прыводзіць Bild.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Колькі ён зарабляў з прадпрыемства, дагэтуль невядома», — нямецкія дэпутаты пра бізнэс Ёрга Дорнаў у Беларусі
  • 24 верасьня сайт reform.news апублікаваў матэрыял, у якім сьцьвярджалася, што ўладальнік ТАА «Цыбулька-Бел» Дорнаў заключыў пагадненьне зь лідзкім Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў і рэгулярна прыцягваў асуджаных паводле палітычных артыкулаў да працы на сваёй цыбульнай плянтацыі. Адзначаецца, што ім плацілі «каля 5 эўра» ў эквіваленце ў дзень, пры гэтым нямецкі палітык нібыта «асабіста правяраў працу палітвязьняў».
  • Факт выкарыстаньня іх працы пазьней пацьвердзіў нямецкім тэлежурналістам былы палітвязень Сяргей Чарняк, зь якім яны сустрэліся ў Польшчы.
  • «Цыбулька-Бел» зарэгістраваная ў Адзіным дзяржаўным рэгістры 2 кастрычніка 2020 году ў аграгарадку Гуды (Горадзенская вобласьць). Упершыню пра беларускі бізнэс Дорнаў сёлета ў красавіку паведаміла нямецкая газэта Welt am Sonntag, расьсьледаваньне якой разьмясьціў у сябе папулярны таблёід Bild. Адзначалася, што за ўтойваньне факту валоданьня «буйным сельскагаспадарчым прадпрыемствам» дэпутату пагражала адказнасьць. 7 жніўня яго аштрафавалі на 20 682 эўра.
  • 25 верасьня нямецкі юрыст Фэрдынанд Мюлер ініцыяваў расьсьледаваньне супраць Дорнаў, падаўшы заяву аб завядзеньні крымінальнай справы ў сувязі з гэтым інцыдэнтам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Нямеччыны правярае інфармацыю аб выкарыстаньні працы палітвязьняў на плянтацыі нямецкага дэпутата ў Беларусі