Візыт у Осла адбываецца на запрашэньне Стортынгу — парлямэнту Нарвэгіі, паведаміла 7 кастрычніка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская. Палітык правяла сустрэчы ў МЗС і парлямэнце краіны, выступіла на сэмінары, прысьвечаным палітычным вязьням.
Раніцай Ціханоўская сустрэлася зь міністрам замежных справаў Эспэнам Бартам Эйдэ і з дэпутатамі — сябрамі Камітэту замежных справаў парлямэнту. Як паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай, абмеркавалі падтрыманьне беларускай грамадзянскай супольнасьці і адказнасьць рэжыму Лукашэнкі.
Сьвятлана Ціханоўская і міністар замежных справаў Нарвэгіі абмеркавалі працу Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі рэпрэсаваным у Беларусі, праграмы падтрымкі незалежных медыяў, грамадзянскай супольнасьці. Асобную ўвагу звярнулі на падтрыманьне беларускіх культурных ініцыятываў.
Ціханоўская расказала пра пазоў Літвы супраць рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд і заклікала Нарвэгію падтрымаць яго, «бо ён дазволіць прыцягнуць увагу да злачынстваў рэжыму і не дапусьціць беспакаранасьці».
Ціханоўская ўзьняла праблемы легалізацыі беларусаў у Нарвэгіі, у прыватнасьці выдачы праязных дакумэнтаў, дазволаў на жыхарства, міжнароднай абароны.
Абмяркоўвалі таксама захады дзеля вызваленьня палітвязьняў і Алеся Бяляцкага ў прыватнасьці, супрацу ў рамках Паўночна-Балтыйскай супольнасьці, арганізацыю супольных акцыяў на міжнароднай арэне.
Ціханоўская ўжо некалькі разоў наведвала Нарвэгію, апошні раз сёлета ў красавіку. Тады было абвешчана пра фармаваньне Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі беларускім палітвязьням. Афіцыйна Нарвэгія стала першаю дзяржаваю, якая ўзялася ўнесьці туды складку — 10 млн нарвэскіх кронаў (850 тыс. эўра).
Таксама Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы з Мортэнам Вольдам, віцэ-старшынём Стортынгу, абмеркавала кампанію ў падтрымку Алеся Бяляцкага, спрашчэньне легалізацыі беларусаў за мяжой, дапамогу праграмам умацаваньня беларускай ідэнтычнасьці.
Канфэрэнцыя па палітвязьнях у Осла
8 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская адкрыла Канфэрэнцыю па палітычных вязьнях, якая адбываецца ў Осла, у парлямэнце Нарвэгіі. У канфэрэнцыі бяруць удзел больш за 100 удзельнікаў з шэрагу краінаў, у тым ліку дэпутаты, чыноўнікі, праваабаронцы і журналісты. Акрамя Ціханоўскай і нарвэскіх палітыкаў, заплянаваныя выступы правабаронцаў зь Беларусі, Сэрбіі, Грузіі, Украіны і Азэрбайджану.
«Палітвязьні — нашы героі, і мы павінны змагацца за іх вызваленьне. Кожны дзень, пакуль усе ня вызваляцца, — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская ў сваёй прамове на канфэрэнцыі і ўзгадала палітзьняволенага праваабаронцу „Вясны“ Алеся Бяляцкага:
Адзін зь іх — Алесь Бяляцкі. Роўна два гады таму ён стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. Гэтая навіна прымусіла ўсіх нас ганарыцца. Але і засмуціла, бо Алесь даў нам сваю свабоду, каб мы аднойчы атрымалі свабоду. Дзесяцігодзьдзямі ён змагаўся за правы чалавека і супраць прыгнёту. За гэта ён некалькі разоў трапляў у турму. Пакуль мы размаўляем, ён знаходзіцца ў самых нечалавечых умовах, пазбаўлены прававой і мэдычнай дапамогі», — падкрэсьліла Ціханоўская.
Яна заклікала прысутных падтрымаць міжнародную кампанію «Вызваліце Алеся» — падпісаць пэтыцыю за яго вызваленьне, а таксама ладзіць мерапрыемствы ў падтрымку Алеся Бяляцкага і ўсіх палітвязьняў Беларусі. Сярод іншага, дэмакратычная лідэрка ўзгадала палітзьняволеных журналістаў Ігара Лосіка і Кацярыну Андрэеву, праваабаронцу Марфу Рабкову і актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк, кіраўніцу перадвыбарчага штабу Бабарыкі Марыю Калесьнікаву, юрыста Максіма Знака, адзначыўшы, што агулам у Беларусі каля 1400 палітзьняволеных і адзначыла «мужнасьць тых, хто не губляе надеі нават у камэры».
«Давайце зробім так, каб барацьба Алеся — наша агульная барацьба за свабоду — працягвалася», — заклікала Ціханоўская.
Пінчук: «Здароўе і само жыцьцё Бяляцкага пад пагрозай»
На сэмінары аб палітычных вязьнях выступілі сярод іншых Натальля Пінчук, жонка зьняволенага нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага, дырэктарка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights House Foundation Марыя Дале, генэральная дакладчыца ў справах палітычных вязьняў у ПАРЭ Тоўргільтур Сюнна Айварстоўхтыр.
Натальля Пінчук падзякавала Нарвэгіі за салідарнасьць з Беларусьсю і намаганьні, якія яна прыкладае, каб дабіцца вызваленьня Алеся Бяляцкага і іншых палітзьняволеных.
«Мы спадзяемся, што тым жахам, якія робяцца ў Беларусі, пры падтрымцы Нарвэгіі і іншых краін, міжнароднай супольнасьці будзе пакладзены канец. Нарвэгія стала ініцыятарам і ўнесла вялікі фінансавы ўнёсак у Міжнародны фонд дапамогі палітвязьням. Гэта вельмі неабходна зараз тым беларусам, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, і для іх родных. Гэта таксама дапамагае падтрымліваць беларускае грамадзтва, тую яго частку, якая не падтрымлівае Лукашэнку. І гэта дае надзею на дэмакратычныя пераўтварэьнні ў Беларусі»
Натальля Пінчук сказала прадстаўнікам прэсы, што можа пацьвердзіць з уласнага досьведу, што сытуацыя з палітычнымі вязьнямі ў Беларусі даўно перайшла чырвоныя лініі.
«Людзей сотнямі кідаюць у вязьніцы нават за лайкі ў сацыяльных сетках ці за адзеньне няправільных колераў. А ў турме яны пазбаўленыя элемэнтарных правоў, у тым ліку права на здароўе і жыцьцё.
Мой муж Алесь Бяляцкі пры камуністычнай уладзе ў 1980-я гады разам з аднадумцамі публічна ўшаноўваў памяць закатаваных у сталінскіх турмах беларускіх інтэлектуалаў. Каб змрочнае мінулае ніколі не паўтарылася».
Але Натальля Пінчук нагадала, што гісторыя апісала змрочную пятлю і ў Беларусь вярнулася дыктатура.
«Пачаўся Нобэлеўскі тыдзень. Роўна два гады, калі Алесь Бяляцкі сядзеў у лукашэнкаўскай турме, менавіта тут, у Осла, ён быў уганараваны званьнем ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру. Здароўе і само жыцьцё Алеся Бяляцкага пад рэальнай пагрозай», — сказала Натальля Пінчук.
Натальля заявіла, што хацела б, каб гэтая другая гадавіна Нобэлеўскага тытулу ў турме стала апошняй для Алеся, але міжнародная дэмакратычная супольнасьць мусіць нарошчваць ціск і патрабаваць безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў.
Пазьней Сьвятлана Ціханоўская і Натальля Пінчук таксама сустрэліся з камітэтам па абароне і замежных справах парлямэнту Нарвэгіі. Падчас сустрэчы абмяркоўвалі ваенна-палітычную сытуацыю ў Беларусі, сітуацыю з палітвязьнямі, падтрымку мабільнасьці беларусаў і пытаньні зь легалізацыяй. Абмеркавалі таксама «бязвыбары» 2025 году, Ціханоўская адзначыла, што яны ня будуць ні свабодныя, ні дэмакратычныя.
Ціханоўская падзякавала Нарвэгіі за падтрымку Міжнароднага гуманітарнага фонду і заклікала падтрымаць ініцыятывы па прыцягненьні рэжыму да адказнасьці.
Таксама Ціханоўская і Пінчук заклікалі парлямэнтароў далучыцца да кампаніі за вызваленьне Алеся Бяляцкага і іншых беларускіх палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нарвэгія далучылася да санкцый Эўразьвязу супраць Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міжнародны фонд дапамогі беларускім палітвязьням сабралі 1,4 мільёна эўра