У рамках дзьвюх спраў падазраванымі сталі 45 чалавек, паведамляе СК.
«Плятформа 2025» — рамачны дакумэнт аб маючых адбыцца ў 2025 годзе прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі — была анансаваная на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у жніўні 2024 году. На думку СК, гэта нібыта «злачынная задума, якая мае на ўвазе кансалідацыю экстрэмістаў». У гэтай справе 22 чалавекі прызнаныя падазраванымі паводле артыкулу аб змове (частка 1 артыкула 357 КК).
Яшчэ 23 чалавекі прызналі падазраванымі ў справе аб «Дні годнасьці 2024», які прайшоў 9 жніўня. Іх абвінавачваюць паводле артыкулу аб удзеле ў «экстрэмісцкім» фармаваньні (частка 3 артыкула 361-1 КК). На думку СК, у рамках ініцыятывы «народныя пасольствы» арганізавалі «малалікія» акцыі ў Чэхіі, Украіне, Фінляндыі, Польшчы, Латвіі, Літве, Нямеччыне, Грузіі і ЗША.
СК адзначае, што ў рамках расьсьледаваньня справаў сьледчыя атрымалі інфармацыю аб «аб’ектах нерухомасьці і маёмасьці», якія належаць падазраваным «на тэрыторыі Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спроба пераасэнсаваньня. Што вырашылі на канфэрэнцыі «Новая Беларусь»