«ПіК Свабоды»: Два погляды на прапанову перанесьці баявыя дзеяньні на тэрыторыю Беларусі

Вадзім Кабанчук, прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінэту. Яўген Магда, палітоляг. Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Алег Дунда. Ілюстрацыйны каляж

Украінскі дэпутат на Форуме свабоднай Расеі прапанаваў перанесьці баявыя дзеяньні на тэрыторыю Беларусі, каб гэта была супольная апэрацыя з прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці і каб нехта зь беларускіх лідэраў быў гатовы ўзяць на сябе ўладу.

У эфіры «ПіК Свабоды» прапанову сустаршыні міжфракцыйнага дэпутацкага аб’яднаньня «За дэкалянізацыю Расеі» Алега Дунды абмяркоўваем з Вадзімам Кабанчуком, прадстаўніком у абароне і нацыянальнай бясьпецы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, былым намесьнікам камандзіра полку Каліноўскага, і з украінскім палітолягам, дырэктарам Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўгенам Магдам.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

— І першае пытаньне да прадстаўніка ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Вадзіма Кабанчука —пра рэакцыю лідэраў дэмакратычных сілаў на такую прапанову.

Вадзім Кабанчук. Канфэрэнцыя „Новая Беларусь“ у Вільні. 4 жніўня 2024 году

Вадзім Кабанчук: Найперш пра рэакцыю, якую падзяляюць беларускія добраахвотнікі і я як былы добраахвотнік. У нас з моманту прыезду ва Ўкраіну ( я прыехаў у 2014 годзе, некаторыя хлопцы пазьней) мара — як мага хутчэй вярнуццца дадому. Пытаньне толькі, якім чынам гэтая мара будзе рэалізаваная. З пункту гледжаньня беларусаў, якія ваююць у шэрагах Узброеных сілаў Украіны, мы вітаем такія заявы. Я хачу зьвярнуць увагу на тое, што ёсьць вайсковы бок, а ёсьць палітычны бок. З пункту гледжаньня вайсковага боку беларуска-украінская мяжа — лінія фронту, яна стала ёю з 2022 году, калі пайшлі на Кіеў калёны зь Беларусі.

Для ўкраінскіх вайскоўцаў Беларусь — гэта пляцдарм, зь якога быў зьдзейсьнены напад, гэта на сёньня лягістычная база падтрымкі акупацыйных расейскіх войскаў, якія намагаюцца захапіць Украіну і вядуць агрэсіўную вайну. Беларусь у юрыдычным пляне мае статус краіны-суагрэсара. Таму з вайсковага пункту гледжаньня тут усё ОК. Ёсьць легітымныя вайсковыя цэлі, якія будуць у выпадку неабходнасьці і прыняцьця рашэньня палітычным кіраўніцтвам зьнішчацца, дзе б яны ні былі.

Мы бачым, што магчымасьці Ўкраіны значна ўзрасьлі. Украінскае войска 2024 году і ўкраінскае войска 2022 году — якасна дзьве розныя арміі. Мы бачым, на якую глыбіню Расейскай Фэдэрацыі дастае ўкраінская зброя. Але ж загады вайскоўцам аддаюць палітыкі, і гэтае пытаньне ляжыць у палітычнай плашчыні.

— Як палітыка, як прадстаўніка АПК, напэўна, ваша ацэнка не такая, як былога намесьніка кіраўніка полку Каліноўскага?

Вадзім Кабанчук: Я пакуль не магу казаць пра ўзгодненую пазыцыю ад імя Кабінэту, бо мы гэтую тэму яшчэ не абмеркавалі. Паколькі гэта гаворыць прадстаўнік украінскай дзяржавы, дэпутат, які знаходзіцца ў Вярхоўнай Радзе ад пануючай партыі «Слуга народу», я думаю, што гэта невыпадковая заява. Ён яшчэ потым у камэнтарах падмацоўваў сваю прамову. Мая ацэнка наступная: калі мы выйдзем на вакно магчымасьцяў у вызваленьні і дэакупацыі Беларусі, нам варта скарыстацца гэтай сытуацыяй. Ці ёсьць гэтае вакно зараз? Гэта пытаньне.

— Яўген Магда, якая ваша ацэнка рэалістычнасьці гэтай прапановы? І якімі маглі б быць яе наступствы?

Яўген Магда, украінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі

Яўген Магда: Гэтыя словы прагучалі на Форуме свабоднай Расеі. Я ня ўпэўнены, што там найлепшае месца, дзе можна было б пра гэта пагаварыць. Я ведаю, што ў лістападзе ва Ўкраіне будзе ўжо трэці форум Астроскага, на якім зьбіраюцца прадстаўнікі ўкраінскіх і беларускіх палітычных і экспэртных колаў, Я думаю, што там пра гэта пагаварыць было б нашмат цікавей. У закрытым ці адкрытым рэжыме, гэта ўжо пытаньне іншае. Калі парлямэнтар гаворыць, што гэта мае быць супольная акцыя зь беларускай грамадзкасьцю, то я так успрымаю, што гэта запрашэньне Сьвятлане Ціханоўскай прыехаць ва Ўкраіну. Частка прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінэту ўжо ва Ўкраіне была. Беларускія дэмакратычныя сілы ўспрымаюцца як нармальны працэс...

Але я прасіў бы не забываць, і думаю, што, на жаль, я маю рацыю, што полк Каліноўскага, які на сёньня найбольш мэдыйная частка беларускага добраахвотніцкага руху, таксама ёсьць і найвялікшым аб’ектам беларускай прапаганды, беларуска-расейскай прапаганды ці беларуска-крамлёўскай прапаганды. І з гэтага погляду мы маем усьвядоміць, што інтэрвэнцыя з тэрыторыі Ўкраіны можа мець для Ўкраіны нэгатыўныя наступствы.

На сёньняшні момант Украіна мае шэраг праблем. Вадзім мае рацыю, украінскае войска з 2022 году тэхнічна моцна вырасла. Але шырокамаштабная вайна трывае ўжо больш за 950 дзён. І страты значныя, і значныя навыкі зьявіліся. Але ў кожным разе разьлічваць, што цяперашні склад беларускіх добраахвотнікаў здольны ўвайсьці на тэрыторыю Беларусі і там зьмяніць сытуацыю, гэта, на маю думку, прынамсі нясвоечасова.

Я нагадаю, што, нягледзячы на ўсе складанасьці, паміж Украінай і Беларусьсю захоўваюцца дыпляматычныя дачыненьні. Іх дагэтуль не разарвалі. І я ня маю сумневу, што ў выпадку такога разьвіцьця падзеяў, як яго апісаў Алег Дунда, нас чакае інфармацыйны шторм з боку Расеі пра тое, што Ўкраіна атакавала незалежную эўрапейскую дзяржаву. Я цалкам усьведамляю ступень залежнасьці Лукашэнкі ад Пуціна. І ў Беларусі прапаганда будзе працаваць адпаведным чыным. Хачу нагадаць, што 25 верасьня Пуцін абвясьціў пра зьмены ў расейскай дактрыне ядзернага стрымліваньня, абвясьціў фактычна пра раскрыцьцё ядзернага парасону над Беларусьсю.

На словы Дунды адрэагаваў і «алка-Мядзьведзеў», які паабяцаў даць дазвол Лукашэнку ў такім разе выкарыстоўваць ядзерную зброю. Гэта сёньняшнія рэаліі. Тэза пра тое, што невялікімі падразьдзеламі можна зайсьці ў Беларусь і беларускае войска капітулюе, — гэта пераацэнка нашых мажлівасьцяў. Я лічу, што баявыя дзеяньні паміж Беларусьсю і Ўкраінай могуць стаць трагедыяй для абодвух народаў. Я адстойваю гэтую тэзу зь лютага 2022 году.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.