У сьпісе паслуг, які дзейнічаў з 2004 году, было 11 пазыцый. Пасьля ўнясеньня зьменаў на адну стала меней. Кіраўніцтва МУС вырашыла пазбавіцца паслугі дастаўкі вязьням страваў з сталоўкі для пэрсаналу сьледчага ізалятару.
Матывы скасаваньня такой паслугі невядомыя. Палітвязень Анатоль, які ў 2021 годзе падчас сьледзтва правёў больш за паўгода ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага, згадаў рэдкія выпадкі, калі сваякі вязьняў маглі перадаць ім у харчовых перадачах цёплыя стравы, але пра замову абедаў ці вячэраў у сталоўцы СІЗА ня чуў.
Словы Анатоля, які прасіў не называць ягонага прозьвішча, пацьвердзіла былая палітзьняволеная журналістка Вольга Лойка. Вольгу трымалі ў СІЗА ў 2021 і ў пачатку 2022 году.
«Чула, што гэта калісьці было ў СІЗА КДБ (так званая „Амэрыканка“), але каб на „Валадарцы“ — ня чула пра такое. І што там былі VIP-камэры, дзе такое можна было замовіць, таксама ня чула», — сказала Вольга Лойка.
Былы палітзьняволены праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка 13 месяцаў пасьля затрыманьня ў студзені 2021 году адседзеў у гомельскім сьледчым ізалятары. Пра платныя паслугі, якія там аказваюць вязьням, Судаленка нічога ня ведаў.
«Там платна замовіць стравы з сталоўкі мы не маглі. Такое не практыкавалася і нават не прапаноўвалі нікому. Нават не памятаю, каб мяне знаёмілі з гэтым парадкам знаходжаньня ў камэры, ня тое што зь пералікам паслуг», — расказаў Леанід Судаленка.
Паводле новай пастановы МУС, у пераліку платных паслуг, якімі могуць карыстацца вязьні СІЗА, засталіся наступныя:
- 1. Мыцьцё, рамонт адзеньня і пасьцельнай бялізны.
- 2. Рамонт абутку.
- 3. Мадэльная стрыжка, укладка валасоў на галаве.
- 4. Выдача ў часовае карыстаньне электрычнага кіпяцільніка, вэнтылятара, лядоўні ці тэлевізара.
- 5. Асобныя віды лячэньня і пратэзаваньня зубоў.
- 6. Падбор, выраб акуляраў, пратэзаў, артапэдычнага абутку.
- 7. Кансультацыі спэцыялістаў дзяржаўных арганізацыяў аховы здароўя.
- 8. Юрыдычныя кансультацыі.
- 9. Паслугі натарыюса.
- 10. Зьняцьце копіяў з дакумэнтаў, якія ёсьць у чалавека, што знаходзіцца пад вартай, ці ў ягонай асабістай справе.
Леанід Судаленка кажа, што карыстацца гэтымі платнымі паслугамі яму ці камусьці зь ягонай камэры не даводзілася.
«Адзінае, чым карыстаўся, — здаваў брудную адзежу на склад і пісаў ліст жонцы, каб забрала для праньня і потым мне перадала чыстае. Бо ў камэры мыць адзежу забаранялі. А гэта дазвалялася і грошы за гэта ня бралі. Жонка рабіла за свой кошт», — успамінае Леанід Судаленка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Юрасю Зянковічу дадалі яшчэ 2 гады да турэмнага тэрміну«Тэлевізар толькі не для палітычных»
Таксама пастанова МУС дапаўняе пункт правілаў унутранага распарадку СІЗА, які тычыцца выдачы дазволу на тэлевізар у камэры.
«З дазволу начальніка СІЗА пры ўмове адсутнасьці ў камэры тэлевізара і наяўнасьці электраэнэргетычных і тэхнічных магчымасьцяў яго ўстаноўкі дапускаецца перадача на адрас асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, малагабарытных тэлевізараў для ўстаноўкі і выкарыстаньня іх у камэрах. Парадак іх прыёму і выкарыстаньня вызначаецца начальнікам СІЗА ці асобай, якая выконвае яго абавязкі. У выпадку парушэньня правілаў карыстаньня тэлевізарам супрацоўнікі СІЗА маюць права канфіскоўваць іх з наступнай перадачай асобам, якія перадалі гэтыя тэлевізары», — пазначана ў новай рэдакцыі Правілаў.
Паводле праваабаронцы Леаніда Судаленкі парадак выдачы тэлевізараў у істоце ня зьменены, але што да палітычных вязьняў, дык у гомельскім СІЗА, дзе ён прабыў 13 месяцаў, існавала забарона на выдачу тэлевізараў у камэры з палітычнымі вязьнямі.
«Зьмяніў 4 камэры, і нідзе не было тэлевізара праз тое, што я быў палітычным. Больш за тое, чуў сваімі вушамі з калідору пагрозы кантралёраў у адрас тых камэраў, дзе быў тэлевізар, маўляў калі будуць гучна гаманіць, дык да іх перавядуць палітычнага і, адпаведна, забяруць тэлевізар», — расказаў Леанід Судаленка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зьмянілі пастанову пра тэхніку бясьпекі вытворчасьці ў вязьніцах ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гомельскім СІЗА на кастрычнік скасоўваюць спатканьні