Фігурант «справы змоўцаў» Юрась Зянковіч амаль 3,5 года знаходзіцца ў зьняволеньні. За гэты час яго ўжо тройчы судзілі паводле крымінальных артыкулаў і перавялі на турэмны рэжым. Апошні раз, у жніўні, яго абвінавацілі ў «злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі турмы» і дадалі яшчэ 2 гады пазбаўленьня волі, піша «Вясна».
Паводле «Вясны», у зьняволеньні на палітвязьня ўвесь час аказваюць ціск: яго шмат разоў зьмяшчалі ў ШЫЗА, пазбаўлялі перадач і не дазвалялі «атаварвацца». На знак пратэсту Юры некалькі разоў трымаў галадоўку. У палітвязьня сур’ёзна пагоршылася здароўе.
Некалькі месяцаў таму зь невядомых прычынаў яго перавялі ў СІЗА КДБ. У верасьні на БТ выйшаў фільм, у якім моцна схуднелы Зянковіч расказваў, як у 2021 годзе нібыта хацеў «захапіць уладу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моцна схуднелы Юрась Зянковіч зьявіўся на БТ. Палітвязень зьвярнуўся да Гарыс і ТрампаЮрась Зянковіч — беларускі палітык, амэрыканскі юрыст. Разам зь іншымі фігурантамі «справы змоўцаў» яго затрымалі ў красавіку 2021 году. Пасьля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта перадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама што «раскрылі дзяржаўны пераварот». Зянковіч — адзіны зь пяці абвінавачаных у гэтай справе, хто заключыў дамову зь сьледзтвам. Ён цалкам прызнаў сваю віну і не адмаўляў, што быў арганізатарам змовы. Таксама ён папрасіў прабачэньня ў саўдзельнікаў.
Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 357 («змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 361-1 («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім»), ч. 3 арт. 361 («публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады») і ч. 3 арт. 130 КК («распальваньне сацыяльнай варожасьці»). У верасьні 2022 году Юрыю прысудзілі 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Праз тры месяцы палітвязьня судзілі ўжо ў новай крымінальнай справе. Тады Зянковіча абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Падставаю сталі «абразьлівыя камэнтары ў тэлеграм-канале, прызнаным экстрэмісцкім». У сьнежні 2022 году суд Мядзела дадаў яму яшчэ паўгода зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітоляг Мажэйка пра фільм зь Зянковічам: «Лукашэнка хоча размарозіць адносіны з Захадам»