Нягледзячы на санкцыі, Беларусь застаецца сярод лідэраў у пастаўках угнаеньняў у Польшчу

Беларускі вытворца азотных ўгнаеньняў «Гродна Азот». Ілюстрацыйнае фота

Такі вынік зафіксавалі ў першым паўгодзьдзі 2024 году.

Доля беларускіх мінэральных угнаеньняў (азотных, калійных і камбінаваных) на польскім рынку ў першым паўгодзьдзі 2024 году склала 6,9%, вынікае з інфармацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі краіны, якую прыводзіць польскае мэдыя Wieści Rolnicze, што спэцыялізуецца на аграрнай тэматыцы.

Гэта чацьвёрты паказчык пасьля Расеі (29,2%), Нямеччыны (20,8%) і Літвы (7,6%). За Беларусьсю ідуць Марока (4,9%) і Нідэрлянды (4,1%).

Пры гэтым Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы ў аб’ёме паставак у Польшчу азотных угнаеньняў, саступаючы Расеі і Нямеччыне, але апярэджваючы Літву, Альжыр, Вугоршчыну, Нідэрлянды, Казахстан і Нігерыю.

Беларускія камбінаваныя ўгнаеньні ў студзені–чэрвені 2024 году занялі 6-ю пазыцыю на польскім рынку, саступіўшы Марока, Расеі, Фінляндыі, Нідэрляндам і Літве, але апярэдзіўшы Нарвэгію.

Што да калійных угнаеньняў, іх найбуйнейшымі пастаўшчыкамі на польскі рынак у першым паўгодзьдзі сталі Нямеччына, Расея, Канада, Вялікая Брытанія, Кітай, Гішпанія, Ярданія і Ізраіль. Адсутнасьць Беларусі ў гэтым сьпісе, відавочна, зьвязаная зь дзейнымі эўрапейскімі санкцыямі.

Польскія прадстаўнікі галіны ўгнаеньняў, зазначаецца ў артыкуле, папярэджваюць, што далейшае павелічэньне імпарту ўгнаеньняў з Расеі і Беларусі можа прывесьці да выцясьненьня айчынных вытворцаў з рынку і паўтарэньня г.зв. «ірляндзкага варыянту», пры якім пасьля ліквідацыі ўласнай вытворчасьці адбыўся значны рост цэнаў на ўгнаеньні, піша «Позірк».

Санкцыі супраць «Беларуськалію»

У 2021 годзе ЭЗ, ЗША, Вялікая Брытанія і Канада ўвялі санкцыі ў дачыненьні да «Беларуськалію». Праз уплыў абмежавальных мер у студзені 2022-га нарвэскі пастаўшчык калію Yara, адзін з найбуйнейшых у Эўропе пакупнікоў беларускіх угнаеньняў, абвясьціў аб спыненьні супрацоўніцтва з прадпрыемствам. 1 лютага таго ж году спыніўся экспарт калійных угнаеньняў празь літоўскі порт у Клайпедзе.

У сакавіку 2022 году спыніў працу тэрмінал сыпкіх грузаў ВКТ Клайпедзкага порту (Biriu kroviniu terminalas), 30% акцый якога належаць «Беларуськалію» (у верасьні 2023-га ён зноў запрацаваў — стаў загружаць збожжа).

24 лютага 2023 года Рады ЭЗ абнавіў і падоўжыў санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, якімі забаранялася перамяшчэньне па тэрыторыі ЭЗ калійных угнаеньняў зь Беларусі. BKT вырашыў аспрэчваць санкцыі ў судзе. 18 сьнежня таго ж году стала вядома, што Эўрапейскі суд адхіліў пазоў BKT супраць Рады ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд Эўразьвязу адмовіўся здымаць санкцыі зь «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Гродна Азоце» расказалі, як зьмяніліся пастаўкі пасьля ўвядзеньня санкцыяў