Ігар Кізім, былы амбасадар Украіны ў Беларусі, які з лютага 2024 года займае пасаду амбасадара Ўкраіны па асобых даручэньнях па Беларусі, пракамэнтаваў у Facebook заявы Аляксандра Лукашэнкі, які той зрабіў падчас сваёй працоўнай паездкі ў Пінскі раён Берасьцейскай вобласьці 4 кастрычніка.
Пра гэта піша партал «Люстэрка».
Лукашэнка заявіў, што не хоча ўцягваць Беларусь у вайну з Украінай, а таксама што гэтай краіне трэба разьлічваць не на дапамогу ЗША ў аднаўленьні пасьля вайны, а на сваіх суседзяў, «перш за ўсё на беларусаў». Таксама Лукашэнка казаў пра тое, што Польшча нібыта хоча «прыхапіць заходнюю частку Ўкраіны», і калі гэта здарыцца, то «мы будзем украінцаў падтрымліваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка хоча дапамагчы аднавіць ня толькі Карабах, а і ЎкраінуКізім заявіў, што складана камэнтаваць «гэта чарговае трызьненне аб Украіне». «Вось не ведаю, сьмяяцца ці крыўдзіцца, калі чую, як А. Лукашэнка нясе чарговае трызьненьне аб Украіне ці аб украінска-беларускіх адносінах. Усе разумеюць, што большасьць з гэтага трызьненьня ён гаворыць сам для сябе. Ці для тых беларусаў, хто да гэтага часу прывык зазіраць у рот сваім правадырам і верыць кожнаму слову (такія ў Беларусі яшчэ ёсьць). На астатніх гэта даўно не дзейнічае », - напісаў Кізім.
Аднак амбасадар дадаў, што на гэты раз у рыторыцы Лукашэнкі зьявіліся новыя элемэнты. «Па-першае, гэта ягонае жаданьне не „уцягваць Беларусь у вайну“. Хацеў бы нагадаць, што Беларусь ужо „у вайне“ з 24 лютага 2022 года, і галоўнае — працягвае ўдзельнічаць, аказваючы дапамогу Расеі. І не хавае гэтага, гаворыць пра гэта афіцыйна. Так што з гэтай задачай беларускі правадыр ужо не справіўся», — адзначыў украінскі дыплямат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усё добра, а будзе яшчэ лепш. Што абяцаў Лукашэнка падчас перадвыбарчага ваяжу на ПалесьсеТаксама ён адказаў на выказваньне Лукашэнкі аб тым, што беларускія ўлады нібыта робяць усё для мірнага суседзтва. «Цытую: „Мы будзем рабіць усё, каб мірна суіснаваць з Украінай“. Адказ такі: спыні падтрымку злачыннай вайны, тады з Беларусьсю гэта магчыма. Але з цяперашнім рэжымам, на маю думку, — не », - напісаў Кізім.
Таксама ён адрэагаваў на заявы Лукашэнкі аб тым, што Беларусь гатовая дапамагчы Ўкраіне ў аднаўленьні краіны пасьля вайны. «Вось верх крывадушнасьці, калі хочацца казаць абразьлівыя словы. Гэта значыць, адным ён дапамагае разбураць Украіну, а цяпер хоча „дапамагаць“ аднаўляць яе тым, каго ён сам дапамагае разбураць», — адзначыў Кізім.
І яшчэ адна заява Лукашэнкі, на якую зьвярнуў увагу дыплямат — наконт тэрыторыяльных прэтэнзіяў Польшчы да Ўкраіны. «І яшчэ адна спасылка: „Калі палякі паспрабуюць адсячы захад Украіны, мы акажам украінцам падтрымку“ (таксама нешта новенькае). Тое, што Расея спрабуе „адцяпаць“ усходнія і паўднёвыя рэгіёны Украіны (прычым кажа і робіць гэта не хаваючы), — гэта нармальна, а казаць пра прыдуманую ім самім мітычную пагрозу — гэта для яго цяпер „актуальна“. Лепш бы прыйшлі на дапамогу Ўкраіне, калі Расея пачала захопніцкую вайну супраць Украіны. І зрабіць трэба было няшмат — проста адмовіцца ўдзельнічаць у ёй. Але ж вы зрабілі іншы выбар. Дык сядзіце моўчкі », - напісаў Кізім.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.