Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хоча дапамагчы аднавіць ня толькі Карабах, а і Ўкраіну


Аляксандар Лукашэнка на вайсковым парадзе 3 ліпеня 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка на вайсковым парадзе 3 ліпеня 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

У 2022 годзе Лукашэнка падтрымаў Расею ў вайне супраць Украіны.

Аляксандар Лукашэнка заявіў аб гатоўнасьці дапамагчы Ўкраіне аднавіцца пасьля вайны, якую сам і падтрымаў, калі дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

«Кіраўніцтву Ўкраіны трэба узяць галаву ў рукі і зразумець, што ім найперш трэба будзе аднаўляць краіну. Пры дапамозе блізкіх ім людзей, найперш беларусаў», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з жыхарамі аграгарадку Парахонск у Пінскім раёне, паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.

У той жа час Лукашэнка перакананы, што цяпер Украінай кіруюць ЗША, «і калі трэба нешта вырашаць, Уладзімір Зяленскі адразу ляціць у Вашынгтон».

«Ён ня едзе ў Менск і ў Маскву, каб дамовіцца і ў рэшце рэшта закончыць гэтую вайну. Ён мяркуе, што амэрыканцы адновяць Украіну пасьля вайны, і яны будуць заможнымі (гэтае слова Лукашэнка сказаў па-беларуску. — РС), моцнымі, мудрымі. Ніхто іх аднаўляць ня будзе. Улада зьменіцца — скажуць: «Валодзя, ты хто такі?», — мяркуе Лукашэнка.

Апроч таго, ён паабяцаў «рабіць усё для таго, каб суіснаваць з Украінай мірна», а таксама дапамагчы Ўкраіне, калі частку яе тэрыторыі паспрабуе «адцяпаць» Польшча. Пры гэтым Лукашэнка абвінаваціў украінцаў у тым, што яны спалілі Хатынь у часе Другой усясьветнай вайны.

«У гады вайны чаго не было... Украінцы ў нас Хатынь спальвалі. Што яны ладзілі на Прыпяці, кіраваныя фашыстамі, — гэта жах. Так што, мы будзем тымі часамі жыць усё жыцьцё да сьмерці? [...] Калі толькі палякі ўлезуць ва Ўкраіну і паспрабуюць захад адцяпаць, мы будзем украінцаў падтрымліваць. Таму што мы разумеем, што наступныя будзем мы», — перакананы Лукашэнка.

16 траўня ў часе наведваньня Азэрбайджану Аляксандар Лукашэнка прапанаваў прэзыдэнту Азэрбайджану Ільхаму Аліеву дапамагчы ў «пасьляваенным аднаўленьні» краіны. «Калі мы ў нечым можам дапамагчы, удзельнічаць у гэтым... Памочнікаў у вас тут цяпер хапае, але калі мы можам на сяброўскіх пачатках удзельнічаць у гэтым... Тэхніка, аграгарадкі, працоўныя месцы, пэўныя тэхналёгіі (вашы спэцыялісты, міністры добра ведаюць гэтыя тэхналёгіі) — калі яны падыходзяць, калі наша тэхніка можа тут прысутнічаць і працаваць... Я на перамовах сам-насам Ільхама Гейдаравіча папрасіў: калі гэта магчыма, нейкае месца для Беларусі, вы, калі ласка, нам яго дайце. І Ільхам Гейдаравіч такі падыход падтрымаў», — сказаў тады Лукашэнка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG