Навіны палітвязьняў: Сяргею Раманаву дадалі яшчэ 2 гады зьняволеньня

Сяргей Раманаў. Архіўнае фота

На 4 кастрычніка ў Беларусі 1282 палітвязьні, прызнаныя такімі міжнароднай супольнасьцю. Рэальная колькасьць людзей, зьняволеных з палітычных матываў, можа быць большая.

У судзе Горацкага раёну 24 верасьня вынесьлі прысуд палітзьняволенаму анархісту Сяргею Раманаву. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу («злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі»). Судзьдзя Натальля Фамічова прызначыла яму яшчэ 2 гады пазбаўленьня волі, піша «АЧК-Беларусь». Пры гэтым у сакавіку 2023 году Раманаву дадалі яшчэ 11 месяцаў калёніі паводле гэтага артыкулу. Агульны тэрмін зьняволеньня палітвязьня складае 22 гады і 11 месяцаў.

Да разгляду апэляцыйнай скаргі Сяргея будуць трымаць у магілёўскай калёніі № 4.

  • У сьнежні 2021 году Раманава судзілі ў справе чатырох анархістаў з групы Ігара Аліневіча. Яго абвінавацілі паводле артыкулаў аб тэрарызьме (частка 2 артыкула 289 КК) і незаконным абарачэньні зброі (часткі 2 і 3 артыкула 295 КК). 22 сьнежня 2021 году Менскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калёніі; Рэзановічу — 19 гадоў калёніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калёніі. Суд зь першага паседжаньня адбываўся ў закрытым рэжыме.
  • У сакавіку 2023 году суд Ваўкавыскага раёну прысудзіў Раманаву яшчэ 11 месяцаў калёніі паводле артыкулу аб «злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Ігара Аліневіча, які галадаваў два тыдні, зноў кінулі ў ШЫЗА