Сьцісла:
- Папярэднія разьлікі прадугледжвалі рост спажываньня электраэнэргіі і акупнасьць АЭС у Беларусі праз 17-20 гадоў.
- У рэальнасьці на момант уводу Беларускай АЭС аб’ём энэргаспажываньня ў краіне ўвогуле не павялічыўся.
- Беларуская АЭС — гэта самая дарагая цацка ўладаў Беларусі.
- Пабудова АЭС загубіла ўсе праекты энэргаэфэктыўнасьці.
- Лукашэнку спадабалася траціць чужыя грошы, ён у гэтым вялікі прафэсіянал.
— Праца Беларускай АЭС выглядае «адпаведнай усім узгодненым на міжнародным узроўні стандартам ядзернай бясьпекі», заявіў генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі пасьля візыту на станцыю 1 кастрычніка. Ці сапраўды на Беларускай АЭС так усё добра, што ніякіх прэтэнзіяў быць ня можа?
— МАГАТЭ мае задачы ацаніць найперш пытаньні бясьпекі на АЭС. Беларускую АЭС будавала Расея, якая мае дастаткова досьведу ў гэтай справе, і можна меркаваць, што з гледзішча стандартных тэхнічных нормаў, якія правярае МАГАТЭ, сапраўды ўсё ў норме.
Калі б былі нейкія пагрозы, то МАГАТЭ як даволі адказная арганізацыя пра іх паведаміла б. Аднак цалкам магчыма, што грамадзтва пра гэта і не даведалася б, бо гэта магло быць толькі ў справаздачы для беларускага ўраду.
— Беларусаў цікавіць ня толькі бясьпека, але і эканамічная мэтазгоднасьць і эфэктыўнасьць Беларускай АЭС. Калі гэты праект прэзэнтавалі грамадзтву, то ўлады заяўлялі, што АЭС зьнізіць залежнасьць краіны ад расейскага газу, дасьць магчымасьць экспартаваць электраэнэргію за межы Беларусі. Ці спраўдзіліся гэтыя чаканьні?
— Калі станцыя толькі задумвалася, у Беларусі аб’ём спажываньня электраэнэргіі складаў каля 40 мільярдаў кіляват-гадзін і ніякіх праблемаў зь нястачай электраэнэргіі ў краіне не было. Вядома, гэта было вынікам набыцьця ў Расеі вялікай кольскасьці энэрганосьбітаў.
Аднак плян уладаў быў у чым? У тым, што эканоміка Беларусі павінна будзе вырасьці і цягам 10 гадоў электраспажываньне ўзьнімецца працэнтаў на 25. І вось для гэтага патрэбна АЭС, плюс плянавалі прадаваць электраэнэргію краінам-суседзям.
Але ў рэальнасьці на момант уводу Беларускай АЭС аб’ём энэргаспажываньня ў краіне ўвогуле не павялічыўся. Бо эканоміка стаіць на месцы, стратэгічна росту няма. Толькі ў 2023 годзе выйшлі на той самы 41 мільярд кіляват-гадзін. І праз палітычныя прычыны, увядзеньне санкцыяў ніводная з краінаў-суседак не пагадзілася купляць у Беларусі электраэнэргію.
Беларусь пабудавала АЭС, якая ёй не патрэбна. Усе запэўніваньні ўладаў, што Беларуская АЭС нясе нейкія эканамічныя плюсы, цалкам бессэнсоўныя. Бо і да зьяўленьня станцыі беларуская энэргетыка выпрацоўвала той самы аб’ём энэргіі, ніякага яе дэфіцыту ў краіне не было.
Больш за тое, будаўніцтва АЭС запатрабавала дадатковых укладаньняў у інфраструктуру, параўнальных з коштам самой станцыі. Давялося праз новыя інфраструктурныя праекты падключаць да станцыі беларускіх спажыўцоў, што выклікала дадатковыя страты.
Нават папярэднія разьлікі, якія прадугледжвалі рост спажываньня электраэнэргіі, прадугледжвалі акупнасьць АЭС праз 17-20 гадоў. Гэта ў самым спрыяльным варыянце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праца БелАЭС адпавядае міжнародным стандартам, — кіраўнік МАГАТЭ пасьля візыту на станцыю— А ці працуе зараз Беларуская АЭС на поўную праектную магутнасьць?
— Калі правесьці пэўныя разьлікі, супаставіць пэўныя лічбы, то можна зразумець, што станцыя не працуе нават з 80-працэнтнай нагрузкай. І калі паглядзець на кошт электраэнэргіі, то на сёньня беларускія тарыфы на 40 працэнтаў вышэйшыя за расейскія тарыфы на Ленінградзкай АЭС.
— Але ўлады абяцалі, што цэны на электраэнэргію ўпадуць пасьля пабудовы АЭС.
— У намінальным значэньні, у беларускіх рублях, цэны вырасьлі. Але калі лічыць у далярах, то ў пэўны момант цэны былі на ўзроўні 10 цэнтаў за кіляват-гадзіну, а цяпер каля 7,5 цэнта. Але гэта проста ад курсу рубля, які значна ўпаў за апошнія гады: у 2019-м быў 2,09, а зараз 3,2.
Так што Беларуская АЭС — гэта самая дарагая цацка ўладаў Беларусі.
— Ёсьць варыянт, што цяперашнія ўлады Беларусі проста не захочуць аплочваць Расеі доўг за пабудову АЭС. Можа, тады ўсё і акупіцца?
— Тэарэтычна магчыма нават і такое. Але тады Беларусь стане дэфолтнай краінай, яна больш не атрымае ніколі ні ад кога крэдытаў. Можна нагадаць, што гэты крэдыт Беларусь павінна была пачаць выплочваць у красавіку гэтага году, аднак Менск папрасіў адтэрміноўку. Больш за тое, Менск папрасіў выплаты кампэнсацыяў ад Расеі за парушэньне тэрмінаў будаўніцтва АЭС.
— Калі дапусьціць аптымістычны сцэнар, што эканоміка Беларусі будзе актыўна і штогод расьці, а самі беларусы пачнуць масава перасаджвацца на электрамабілі, ці можна тады будзе разьлічваць на рост энэргаспажываньня?
— Каб усур’ёз яго павялічыць, былі разьлікі, што трэба ледзь не палову аўтапарку Беларусі перавесьці на электрычнасьць. А гэта маларэальна, бо мы адстаём у гэтым ад усяго разьвітага сьвету, у нас усяго некалькі тысяч электрамабіляў на ўсю краіну.
Днямі прэм’ер Галоўчанка паставіў пад вялікае пытаньне праект стварэньня беларускага электрамабіля. Ён адзначыў, што пакуль незразумела, колькі будзе гэта каштаваць і ці варта гэтым займацца ўвогуле, калі аб’ём продажаў будзе некалькі тысяч электрамабіляў на год.
Тым часам на адным са знаёмых мне прадпрыемстваў у Беларусі ў момант запуску новай вытворчасьці, калі быў падведзены газ і аформленыя адпаведныя дакумэнты, чыноўнікі раптам запатрабавалі ад яго перавесьці вытворчасьць на электрычнасьць, прычым цалкам за свой кошт. Так што чыноўнікі спрабуюць вырашыць гэтую праблему традыцыйным шляхам — прымушаючы бізнэс павялічваць электраспажываньне.
Увогуле, пабудова АЭС загубіла ўсе праекты ў энэргаэфэктыўнасьці. Гэтыя праекты фактычна прыкрытыя, бо цяпер уладам трэба, каб энэргаспажываньне расло, а не зьніжалася.
Так што гэтая праблема — на дзесяцігодзьдзі. Магчыма, калісьці, калі ў Беларусі адбудуцца рэформы і пачнецца стабільны рост эканомікі, то аб’ём энэргаспажываньня вырасьце да тых лічбаў, пры якіх Беларусь зможа хаця б спажываць увесь гэты аб’ём электраэнэргіі, які вырабляе АЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-намесьніку міністра энэргетыкі Міхадзюку прысудзілі 6 гадоў калёніі— Апошнія гады насельніцтва Беларусі актыўна памяншаецца, любы рост электраспажываньня выглядае даволі сумнеўным на гэтым фоне. І тут раптам Лукашэнка загаварыў пра магчымасьць пабудовы другой АЭС на тэрыторыі Беларусі. З чым гэта зьвязана?
— Яму, відаць, спадабалася траціць чужыя грошы, ён у гэтым вялікі прафэсіянал. Трэба разумець, што пакуль будуецца АЭС, то само гэта будаўніцтва робіць свой унёсак у павялічэньне ВУП. І Лукашэнка так мог бы «асвоіць» і 3, і 5 АЭС, не задумваючыся пра мэтазгоднасьць. Але знайшоўся расейскі чыноўнік, які заявіў, што пабудаваць можна, але куды падзець гэтую электраэнэргію? І на гэтым размовы пра пабудову другой АЭС заціхлі.