Верасень 2024 году ў Беларусі стаў самым цёплым за ўвесь пэрыяд інструментальных мэтэаназіраньняў (з 1881 году), паведамляе Белгідрамет.
Сярэдняя па Беларусі тэмпэратура паветра за верасень 2024 году склала +17,5°С, што вышэй за кліматычную норму на 4,8°С.
Сярэдняя тэмпэратура паветра ўсіх трох дэкадаў верасьня ў Беларусі была значна вышэй за норму. Найбольш анамальнай быў пэрыяд з 10 па 20 верасьня з адхіленьнем ад нормы на 5,6 °С. У першай і трэцяй дэкадзе адхіленьне сярэдняй тэмпэратуры ад нормы склала 4,8 і 4,3 °С адпаведна.
Згодна з падлікамі «Позірку», за верасень у Беларусі было перакрыта 195 тэмпэратурных рэкордаў. Як адзначае выданьне, мінулы верасень апынуўся цяплейшы, чым сёлетні травень (зь сярэдняй тэмпэратурай 14,9°С пры норме 13,4) і цяплейшы за кліматычную норму чэрвеня для Беларусі (17 °С).
Пры гэтым за верасень у сярэднім па Беларусі выпала 26 мм ападкаў — гэта 47% кліматычнай нормы. На станцыях Полацак, Докшыцы, Мсьціслаў і Касьцюковічы быў абноўлены гістарычны месячны мінімум сумы ападкаў.
У сувязі з гэтым у верасьні на рэках краіны адзначаўся ў асноўным спад узроўняў вады. Неспрыяльныя ўмовы для рачнога транспарту былі на суднаходных участках Заходняй Дзьвіны, Нёмана, Дняпра, Бярэзіны і Сожа.
Сярэднямесячная тэмпэратура вады ў рэках склала 15-20°С, што на 3-5°С вышэй, чым звычайна для гэтага часу году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сыноптыкі абвясьцілі чырвоны ўзровень небясьпекі для Гомельшчыны і аранжавы — па ўсёй Беларусі