Калі на пачатак 2020/2021 навучальнага году ў сыстэме агульнай сярэдняй адукацыі працавалі 111,4 тысячы настаўнікаў, дык на пачатак 2023/2024 навучальнага году (зьвесткі публікуюцца са спазьненьнем на год) — 103,3 тысячы.
Найбольшае скарачэньне колькасьці настаўнікаў (на 4,7 тысячы — да 106,7 тыс.) адбылося паміж 2020/2021 і 2021/2022 навучальнымі гадамі, калі ўлада пачала актыўна пазбаўляцца ад нязгодных з фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Паралельна з гэтым пачалася масавая эміграцыя беларусаў з краіны ў сувязі з пагрозай перасьледу з палітычных матываў.
У наступны навучальны год настаўнікаў у Беларусі паменела на 1,6 тысячы, паміж 2022/2023 і 2023/2024 навучальнымі гадамі — на 1,8 тысячы.
У гарадах і мястэчках за тры гады настаўнікаў стала менш на 3,9 тысячы (74 тысячы на пачатак 2023/2024 навучальнага году), на вёсцы — на 4,2 тысячы (29,3 тысячы).
Калі ў 2020/2021 навучальным годзе на аднаго настаўніка прыпадала 10 вучняў, дык праз тры гады — 11 (у гарадах і мястэчках — 11 і 13 адпаведна, у сельскай мясцовасьці — 5 і 6).
Доля жанчын-настаўнікаў за тры гады павялічылася з 86,5% да 87,3%, доля настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй — зьнізілася з 93,7% да 93,2%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заробкі бюджэтнікаў у Беларусі падаюць ужо другі месяц ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні і выклікі ў КДБ настаўнікаў з усёй Беларусі ў справе «Адукаванкі»