Сярэдні заробак работнікаў бюджэтных арганізацый у Беларусі ў жніўні склаў 1714 рублёў, паведамляе Белстат. Гэта на 80,1 рубля, або на 4,5%, менш, чым месяцам раней (1794,1 рубля). У ліпені заробкі бюджэтнікаў таксама ўпалі ў параўнаньні з чэрвенем.
Зьменшыліся ў жніўні і рэальныя заробкі бюджэтнікаў, якія разьлічваюцца з улікам інфляцыі, — у параўнаньні зь ліпенем яны ўпалі на 4,4%.
Напрыклад, у сфэры адукацыі гэты паказчык зьнізіўся на 4,7% (заробкі прафэсараў і выкладчыкаў у параўнаньні зь ліпенем упалі на 10,8%, выхавацеляў дашкольных установаў — упалі на 4,7%, настаўнікаў — на 1,3%), сьведчаць зьвесткі Белстату.
У сфэры аховы здароўя заробкі бюджэтнікаў у жніўні ўпалі на 2,8% у параўнаньні зь ліпенем (пры гэтым заробкі лекараў упалі на 4,7% да ліпеня, сярэдняга мэдпэрсаналу — на 4%).
У ліпені заробкі ў работнікаў бюджэтных арганізацый таксама ўпалі — як сярэднія, так і рэальныя. Калі сярэдняя зарплата ў цэлым па Беларусі ў ліпені вырасла, дык у бюджэтных арганізацыях яна зьнізілася — да 1794,1 рубля (гэта на 2,1% менш, чым месяцам раней). Рэальныя заробкі бюджэтнікаў у ліпені ўпалі на 2,1% да чэрвеня.
У верасьні некаторыя бюджэтнікі павінны атрымаць прыбаўку, абяцаў раней кіраўнік Міністэрства фінансаў Беларусі Юры Селіверстаў. Гэта зьвязана з ростам базавай стаўкі, да памеру якой прывязаныя гэтыя выплаты.
Форум