Ляўрэатам прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі» стаў гурт «NaviBand»

Музыкі «NaviBand» Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка

Статуэтку музыкам «NaviBand» Ксеніі Жук і Арцёму Лук’яненку ўручыла нацыянальная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская. Сёлета Аляксандар Мілінкевіч адрадзіў прэмію «За свабоду думкі» пасьля пяцігадовага перапынку.

Сёлета Аляксандар Мілінкевіч адрадзіў прэмію імя Васіля Быкава «За свабоду думкі». 3 кастрычніка пасьля пяцігадовага перапынку ганаровая цырымонія ўручэньня прэміі прайшла ў Беларускім доме ў Варшаве.

«Адраджаюцца сымбалі — гэта вельмі важна»

Урачыстую цырымонію правяла журналістка і паэтка Валярына Кустава.

Канцлер Вольнага беларускага ўнівэрсытэта Аляксандар Мілінкевіч падчас цырымоніі распавёў, што ў 2006 годзе ён атрымаў прэмію Эўрапарлямэнту імя Андрэя Сахарава «За Свабоду думкі». І вырашыў заснаваць такую ж нацыянальную прэмію ў Беларусі — «для тых, хто бескампрамісна адстойвае свабоду».

Аляксандар Мілінкевіч

«Адраджаюцца сымбалі — гэта вельмі важна. Ідзе паўзучая анэксія нашай краіны. Ідзе зьнішчэньне Беларусі. Людзі кажуць: дзе зрухі, дзе перамены? Галоўнае — не згубіць дух, не згубіць сілу волі. Я вельмі рады, што прэмія адраджаецца. Мы мусім перамагчы!» — сказаў Аляксандар Мілінкевіч.

Наведнікі цырымоніі

«„NaviBand“ натхняе і вучыць вольна мысьліць слухачоў усіх пакаленьняў»

Старшыня Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін абвясьціў новых пераможцаў прэміі — гурт «NaviBand». Сёлетніх пераможцаў абіралі ўсе мінулыя ляўрэаты прэміі.

Сяргей Будкін

«Гурт „NaviBand“ паўстаў 12 гадоў таму. Я ў першай рэцэнзіі на іх выступы пісаў, што „NaviBand“ маюць усе шанцы стаць ўвасабленьнем сучаснай беларускай поп-музыкі. Але я памыліўся. бо за гэтыя 12 гадоў яны сталі значна шырэйшымі, і ў пэўны момант яны зрабілі выбар на карысьць беларускай справы, сталі несьці беларускае слова ў цэлы сьвет.

„NaviBand“ натхняе і вучыць вольна мысьліць слухачоў усіх пакаленьняў. Іх імёны будуць упісаныя залатымі літаркамі ў гісторыю беларускай культуры», — сказаў Сяргей Будкін.

Ляўрэатаў Ксенію Жук і Арцёма Лук’яненку ўзнагародзіла дэмакратычная лідарка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.

«У кожнага свой шлях да Беларусі. Але ў нас адна мэта. І калі ўсё беларускае ў краіне вынішчаецца на карысьць „русского мира“, вельмі важна захаваць нацыянальную культуру. Адзін ляўрэат прэміі „За свабоду думкі“ мастак Алесь Пушкін быў забіты ў турме. Два ляўрэаты — Павал Севярынец і Зьміцер Дашкевіч — знаходзяцца за кратамі. Мы будзем рабіць усё дзеля іх вызваленьня», — сказала яна.

Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што для яе гонар уручыць гэтую статуэтку музыкам Ксеніі Жук і Арцёму Лук’яненку.

Свой выступ Ціханоўская завяршыла словамі Васіля Быкава: «Беларусь жыве і будзе жыць. Мы зробім усё дзеля гэтага!»

Напрыканцы ляўрэаты зладзілі невялікі канцэрт для гасьцей цырымоніі.

Пра прэмію

Прэмія «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава была заснаваная ў 2008 годзе Рухам «За Свабоду» і Аляксандрам Мілінкевічам. Урачыстая цырымонія яе ўручэньня звычайна адбывалася на радзіме народнага пісьменьніка Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі на Ўшаччыне.

Першую прэмію ў 2008 годзе атрымалі пісьменьнікі Рыгор Барадулін і Ўладзімер Арлоў, а таксама палітык Павал Севярынец. Апошнюю прэмію ў 2018 годзе атрымаў журналіст Глеб Лабадзенка. Цягам 20219-2023 гадоў прэмію не ўручалі.

У розныя гады ляўрэатамі прэміі імя Васіля Быкава «За Сабоду думкі» станавіліся:

  • паэты і пісьменнікі: Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Уладзімер Арлоў, Уладзімер Някляеў;
  • літаратары і грамадзкія дзеячы: Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч;
  • мастакі: Алесь Пушкін, Алесь Марачкін;
  • краязнаўцы: Ада Райчонак, Алесь Белакоз;
  • музыкі і выканаўцы: Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, бард і актор Віктар Шалкевіч;
  • рэжысэр: Валер Мазынскі;
  • журналіст: Глеб Лабадзенка.