«Зачынілі жалезныя дзьверы і пачулі гарадзкія сырэны, аддаленыя выбухі». Беларусы пра жыцьцё ў Ізраілі падчас абстрэлаў

Сьляды ад ракет у небе над Хайфай, фота з архіву суразмоўцаў

Іран нанёс маштабны ўдар па Ізраілі 1 кастрычніка, выпусьцілі больш за 180 ракет. Адначасна ў горадзе Яфа адбыўся тэракт. У выніку цяжка пацярпеў грамадзянін Беларусі. Што адбываецца ў Ізраілі?

«Дзякуючы апавяшчэньням ёсьць час схавацца»

Беларус Алег Барадзін жыве цяпер у прыморскім горадзе Ашдод. 1 красавіка канцэнтраваны напад зазнала ўся краіна, Ашдод ня стаў выняткам.

Абвестка, якая прыходзіць грамадзянам Ізраілю перад нападам

Алег кажа, што абвесткі аб патрэбе схавацца ў бясьпечным месцы прыйшлі абсалютна ўсім грамадзянам Ізраілю — незалежна ад месца знаходжаньня, нават тым, хто быў за мяжой. Паводле беларуса, простай атакі на горад не было, начное неба было чыстае — нягледзячы на тое, што папераджальная тэлефонная аплікацыя Камандаваньня тылу за паўгадзіны іранскага нападу спрацоўвала больш за 12 разоў і ўвесь гэты час даводзілася сядзець у бамбасховішчы.

У Алегавай кватэры ёсьць мамад — умацаваны пакой, дзе можна схавацца ў часе небясьпекі. Бо раней яны з жонкай і дзецьмі жылі ў прыватным доме і пры ракетных нападах увесь час бегалі ў грамадзкае бамбасховішча (міклад) за 50 мэтраў ад дому.

«У той вечар ў моманты зацішша мы выходзілі на гаўбцы і ўдалечыні на гарызонце з боку цэнтру краіны бачылі зарыва ад ракет і чулі моцныя выбухі», — успамінае Алег.

Алег зь дзіцём

Паводле ягоных словаў, папярэджаньні аб магчымым ракетным нападзе Ірану зьявіліся з самай раніцы. Тым часам уся краіна рыхтавалася да Рош га-Шана (Новага году). Алег расказвае, што арганізацыя, дзе ён працуе, плянавала правесьці 1 кастрычніка навагодні карпаратыў, арандавала залю ў рэстаране. У фірме быў скарочаны дзень, толькі мантажнікі мэблі затрымаліся на адным аб’екце ў Тэль-Авіве.

«Скончыўшы, сьпешна ехалі на службовым мікрааўтобусе дадому праз аўтамабільныя заторы, тэлефануючы жонкам, каб тэрмінова рыхтаваліся да нашага прыезду і каб ехаць на карпаратыў», — узгадвае беларус. У гэты момант яму на тэлефон прыйшло паведамленьне, што ёсьць імавернасьць нападу. Праз паўгадзіны пазваніла кіраўніцтва, хвалявалася — ці выехалі мы з Тэль-Авіву, папярэдзіла, што карпаратыў пераносіцца на няпэўны дзень у сувязі з магчымым нападам«.

«Якасна арганізаваная служба падтрымкі насельніцтва»

Як толькі Алег вярнуўся дахаты, на ўсіх тэлефонах спрацавала абвестка — тэрмінова схавацца ўва ўмацаваным месцы. У мамадзе Алегавай сям’і стаіць запас пітной вады і сухіх прадуктаў (печыва, чыпсы, кансэрвы), цацкі для дзяцей і настольныя гульні, падрыхтавана спальнае месца.

«Зачынілі жалезныя дзьверы, акно — і пачулі, як завылі гарадзкія сырэны. Пачулі аддаленыя выбухі. Прасядзелі там каля паўгадзіны, было відаць з апавяшчэньняў, што было 12 нападаў», — заўважыў Алег.

Ашдод у ноч абстрэлу, фота з архіву суразмоўцы

Паводле ягоных словаў, гэтым разам міністэрства абароны выкарыстоўвала новую праграму распаўсюджваньня тэрміновых паведамленьняў, якая ў істоце «захоплівае» кіраўніцтва тэлефонам: нават калі ён у бязгучным рэжыме, можна пачуць апавяшчэньне. Акрамя гэтага, кажа беларус, практычна ўсе маюць аплікацыі абвяшчэньня ракетных удараў — «Цэва адом» («Чырвоны колер») і «Камандаваньне тылу». Гэтыя праграмы вызначаюць месца знаходжаньня чалавека з геалякацыі і высылаюць абвестку. Апавяшчаюць яны на 10-15 сэкундаў раней, чым уключаюцца агульныя сырэны.

«Так што ёсьць яшчэ трошкі часу схавацца. Ізраіль народжаны ў вайне, ён і жыве ў стане вечнай бясконцай вайны. Ужо прывыкаеш жыць і будаваць сваё жыцьцё пэрыядамі «ад нападу да налёту, ад удару да тэракту», — падкрэсьліў Алег.

Ён ацэньвае, што ў Ізраілі дастаткова якасна арганізаваная служба падтрымкі насельніцтва, работа з валянтэрскімі цэнтрамі, мэдычнымі службамі, адкрытыя тэлефонныя лініі з псыхолягамі, лекарамі.

«Існуе шмат разнастайных службаў хуткага рэагаваньня. Вы заўсёды апэратыўна атрымаеце ў разе патрэбы разнастайную дапамогу», — лічыць беларус.

Ён зважае і на вайсковую актыўнасьць у Ізраілі.

«На трасах апошнім часам ідзе пастаянны рух вайсковага транспарту для перакіданьня цяжкай вайсковай тэхнікі ў бок лібанскай мяжы. Абвешчаны прызыў рэзэрвістаў, у СМІ кажуць аб стварэньні новай паўнацэннай дывізіі для наступнага перакіданьня да лібанскай мяжы. Грамадзяне, якія адслужылі ў войску і маюць права насіць зброю, як і раней, носяць яе з сабой — ад пісталетаў да аўтаматаў», — пералічвае прыкметы вайсковай актывізацыі Алег.

«Дзецям у школе тлумачаць, хто такія тэрарысты»

Алег кажа, што яго сям’я ўжо прывыкла да стану падвышанай трывожнасьці, гэта крыху напружвае, але трымае ў тонусе. Галоўнае, ён лічыць, не панікаваць, быць сабранымі, апэратыўна рэагаваць і трымацца інструкцыяў Камандаваньня тылу.

«Найлепшая апора ў такой сытуацыі — твая сям’я. Падтрымліваем і клапоцімся адзін пра аднаго. Так было падчас майго затрыманьня ў Беларусі і арышту, тое ж самае адбываецца і тут. Фактычна мы ў Ізраілі адны, дапамогі асабліва чакаць няма адкуль, нашы блізкія і бацькі засталіся ў Беларусі», — кажа Алег.

Ён удакладняе, што ў дзяцей — у школе ў дачкі, ў сына ў дзіцячым садку — праводзяць пастаянныя трэнінгі хуткай эвакуацыі ў бамбасховішчы, тлумачаць, як трэба сябе паводзіць і пры ракетным удары, і пры спробе захопу тэрарыстамі навучальнай установы, якія патрэбныя дзеяньні ў памяшканьні ўстановы і на вуліцы.

«Пэдагагічны калектыў і спэцыяльна запрошаныя для гутаркі госьці з паліцыі тлумачаць дзецям, хто такі тэрарыст, якімі матывамі ён кіруецца, чаго ад яго трэба чакаць, як дапамагчы блізкаму. Маленькім дзецям гэта падаюць у форме гульні, школьнікам жа ўсё ў адкрытай форме», — кажа суразмоўца.

«Жонка кладзецца спаць у прыгожай піжаме, каб ня ганьбіцца ў бомбасховішчы»

Беларус Сяргей (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС) жыве ў прадмесьці Хайфы. Кажа, што да 1 кастрычніка сырэны гулі кожны дзень. Паводле ягоных назіраньняў, калі ігнараваць меры бясьпекі, то можна паглядзець на тое, як ляцяць ракеты, часам чуваць моцны гук і потым ракета ўзрываецца. Значыць, яе зьбілі.

Камандаваньне тылу склала пэўныя правілы і нормы бясьпекі. Напрыклад, пасьля сырэны трэба сядзець у бамбасховішчы мінімум 10 хвілін, не глядзець на ракеты і выбухі, не фатаграфаваць, не панікаваць, «і гэтак далей».

Сяргей з жонкай пры абстрэлах хаваюцца ў мікадзе — грамадзкім бамбасховішчы.

«Асноўная атака ў ноч на 1 кастрычніка неяк праляцела паўзь мяне. Потым трывогі сталі здарацца часьцей — гудуць сырэны, спрацоўвае апавяшчэньне ў тэлефоне, потым чуваць выбухі. Мне ня страшна, але многія суседзі напружаныя, уздрыгваюць ад гукаў, пры сырэне ў іх шкляныя вочы. Я ад такіх далей трымаюся», — расказаў беларус.

Ён жартам дадаў, што цяпер жонка кладзецца спаць у прыгожай піжаме — «каб, калі што, ня ганьбіцца ў бамбасховішчы».

Сяргей зазначыў, што цяпер на пляжы няма людзей, і яны купаюцца ў адзіноце. І зьбіраюць там аскепкі зьбітых ракет. Беларус дадаў, што ў Хайфе не было забітых ці параненых.

Аськепкі ад ракет

Cьляды ад ракет у небе над Хайфай

Ракеты бачылі ўсе жыхары Ізраіля, калі проста падымалі галаву ў неба

Беларус па нараджэньні, грамадзянін Ізраілю Аляксандар Фруман ў 2023 годзе, пасьля нападу ХАМАС на Ізраіль, папрасіўся служыць у войска. Ён служыў кіроўцам эвакуацыйнага падразьдзелу. Цяпер як кіроўца мэдычнага падразьдзелу Аляксандар удзельнічае ў апэрацыі супраць баевікоў «Хэзбалы».

«Гэта першая прафэсійная дапамога, я кіроўца „хуткай“, можна сказаць», — удакладніў ён.

Аляксандар гаворыць, што з СМІ ведаў пра інфармацыю ад амэрыканцаў наконт рыхтаваньня ракетнай атакі з Ірану. Калі ўсё пачалося, цывільных ізраільцаў папярэдзіла Камандаваньне тылу — як сябе паводзіць і захаваць бясьпеку.

«Кожны ізраілец 1 кастрычніка бачыў у небе ракеты, дастаткова было падняць галаву, і так у кожным пункце краіны. Было відаць, як ляцяць іранскія ракеты, як стартуюць нашы ракеты з розных пунктаў, раптам даведваесься, што за 50 мэтраў ад цябе знаходзіцца перахопнік „Страла“ ізраільскай распрацоўкі. І потым выбухі ў небе», — расказаў вайсковец.

Аляксандар бачыць добрую падрыхтаванасьць войска.

«Пакуль радуе, што ў параўнаньні зь леташнімі падзеямі апэрацыя ў Лібане добра падрыхтаваная, яе рыхтавалі некалькі месяцаў. У сэктары Газа было ўсё раптоўна. Так што, думаю, тут будзе хутчэй усё ісьці, чым летась у сэктары Газа», — лічыць Аляксандар.

За некалькі хвілін да ракетнага нападу на Ізраіль 1 кастрычніка адбыўся тэракт у ізраільскім горадзе Яфа. Падчас яго цяжка паранілі грамадзяніна Беларусі, паведамляе беларускі МЗС. У выніку тэракту загінулі 7 чалавек, яшчэ 16 параненыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас учорашняга тэракту ў Тэль-Авіве цяжка паранены грамадзянін Беларусі