На думку Рыжанкова, Літва «ажыцьцявіла чарговую антыбеларускую палітычную акцыю», залучыўшы для гэтага «кантраляваныя Захадам судовыя інстанцыі, ангажаваны характар якіх ужо даўно стаў відавочным», цытуе міністра БелТА.
Міністар замежных справаў Беларусі заявіў, што беларускі бок «ведае, на чыю просьбу гэта было зроблена», і назваў факты, выкладзеныя Літвой у перададзеных у МКС матэрыялах, «абсурднымі і надуманымі».
«Для нас відавочная беспэрспэктыўнасьць патугаў Вільні й іхных куратараў. Мы спакойна глядзім на гэтую валтузьню і не перастаем заклікаць суседзяў да разважлівасьці і адэкватнасьці», — заявіў Рыжанкоў.
Урад Літвы 30 верасьня афіцыйна перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе матэрыялы аб учыненьні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансьмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці ў адносінах да беларусаў. Злачынствы ўчыненыя як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краінаў — удзельніц Рымскага статуту, таму патэнцыйна падлягаюць юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), гаворыцца ў заяве на сайце Міністэрства юстыцыі Літвы.
Перад гэтым, 26 верасьня, дзяржаўнае выданьне sb.by апублікавала артыкул Максіма Рыжанкова, у якім ён заклікаў Літву «перагрузіць» двухбаковыя дачыненьні і вярнуцца да «нармальнага раўнапраўнага дыялёгу» і эканамічнай супрацы.
У МЗС Літвы не разглядаюць апублікаваны артыкул як афіцыйны зварот уладаў Беларусі. У міністэрстве паведамілі, што не атрымлівалі ад Беларусі ніякіх прапановаў наконт аднаўленьня стасункаў зь Літвой, і адзначаюць, што гэта стане магчымым толькі тады, калі Менск правядзе дэмакратычныя рэформы, вызваліць палітвязьняў, а тых, хто праводзіць рэпрэсіі, прыцягне да адказнасьці.