«Гісторыя здаецца зрэжысаванай». У Магілёве прайшоў міліцэйскі рэйд пасьля нападу на супрацоўнікаў ГУБАЗіК

Фота зь месца, дзе на двух супрацоўнікаў ГУБАЗіКу напалі з нажом

Сілавікі ў ходзе рэйду затрымалі некалькі грамадзян Магілёўскага рэгіёну, паведамляе інтэрнэт-крыніца Mayday.team.

Рэйд, як мяркуецца, адбыўся ў апошнія дні верасьня, пра яго стала вядома 1 кастрычніка. Сярод затрыманых, паводле крыніцы Свабоды, жыхар вёскі Прокшанічы Магілёўскага раёну, якому 64 гады.

Гэтыя зьвесткі знайшлі пацьверджаньне ў інфармацыі прэс-службы МУС, паводле якой пры ператрусе ў доме аднаго з затрыманых былі выявілі «агнястрэльную зброю, часткі да яе, патроны рознага калібру, рэчывы для вырабу выбухоўкі, наркотыкі, халодную зброю, у тым ліку замаскаваную пад прадметы побыту».

У вячэрнім выпуску навін на дзяржаўным тэлеканале АНТ ад 1 кастрычніка паказалі відэа з затрыманым. Па словах аўтараў сюжэту, у доме затрыманага знайшлі патроны і літаратуру, «як саматужным мэтадам зрабіць пісталет Стэчкіна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС выпусьціў відэа пра напад з нажом у Магілёве. Сілавікі заявілі, што знайшлі патроны і «экстрэмісцкую» літаратуру

Блізкі да Міністэрства ўнутраных спраў тэлеграм-канал назваў затрыманых удзельнікамі «дэструктыўных ячэек» і зьвязаў гэта з інцыдэнтам з удзелам магілёўца Аляксандра Кандрычына, які 23 верасьня нібыта напаў на двух супрацоўнікаў магілёўскага аддзелу ГУБАЗіК у «ходзе прафіляктычнай гутаркі».

Як паведамляе Mayday, паводле відэароліку ў Магілёўскім рэгіёне затрымалі сама меней чатырох чалавек, якія нібыта пакінулі «дэструктыўныя» камэнтары аб інцыдэнце з удзелам Кандрычына.

Пра Аляксандра Кандрычына вядома, што яму 62 гады. У сьпісе палітвязьняў, які вядуць беларускія праваабаронцы, такога чалавека няма.

Крыніца з Магілёва, якая прасіла не называць яе з прычынаў бясьпекі, сьцьвярджае, што Аляксандар Кандрычын раней ня быў зьвязаны з дэмакратычнымі коламі ў Магілёве і ня быў заўважаны на пратэстах 2020 году.

«Мае знаёмцы расказалі, што прайшліся па ўсёй радні гэтага затрыманага. Палохалі. Тыя згадалі яго знаёмых, якія пасьля трапілі пад перасьлед. Але сама гісторыя выглядае зрэжысаванай. Патрэбна была гучная гісторыя пра гераізм міліцыянтаў і „экстрэмісцкія ячэйкі“», — паведаміла Свабодзе крыніца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 50-80% вырасла колькасьць заявак у фонд BySol па дапамогу ад перасьледу ў Беларусі