«Было шмат агульных выстаў і пленэраў, якія вельмі прыемна і рамантычна ўспамінаюцца»
Ніна Маргаева нарадзілася ў 1984 годзе. У 2007-м скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў па спэцыяльнасьці «народныя рамёствы» (спэцыялізацыя — кераміка).
З 1997 году, яшчэ падлеткам, Ніна пачала актыўна ўдзельнічаць у мастацкіх выставах і пленэрах.
Згадаем некалькі раньніх выстаў, дзе дэманстраваліся творы Ніны Маргаевай: «Артсэсія» (2004, 2005), «Шляхамі Напалеона Орды» (2007), «Успамін пра Дабраўляны» (2008). У 2007 годзе ў Доме-музэі Ваньковіча адбылася пэрсанальная выстава Ніны Маргаевай сумесна зь Верай Каўзановіч «Дыярыюш».
Мастачка Надзея Саяпіна са студэнцкіх часоў ведае Ніну Маргаеву. Дзяўчаты сябравалі, абменьваліся мастацкім досьведам, ідэямі, рабілі адна адной фатасэсіі.
«Я тады толькі паступіла ва Ўнівэрсытэт культуры, а Ніна яго ўжо заканчвала. У нас быў адзін выкладчык акварэльнага жывапісу, у якога была сумесная са студэнтамі творчая суполка, мы абедзьве былі ў ёй. Таму было шмат агульных выстаў і пленэраў, якія вельмі прыемна і рамантычна ўспамінаюцца. Калі мы жылі падчас пленэраў у вельмі нязручных, спартанскіх умовах, Ніна ўставала на сьвітанку і шукала месца, дзе пазаймацца ёгай», — прыгадвае сяброўка Ніны Маргаевай.
Надзея Саяпіна дадае, што доўгі час пасьля вучобы не кантактавала з Нінай, але пасьля іх зноў зьвёў лёс.
«Так атрымалася, што ў 2016 годзе мы сустрэліся ў майстэрні Аляксея Лунёва ў межах праекту „Галерэі Ў“. Лёша прапанаваў нам мэтад працы зь дзёньнікамі, тэкстамі, вельмі асабістым матэрыялам, і мы мяняліся сваімі запісамі, створанымі падчас дзён майстэрні, перапрацоўвалі іх. Атрымаўся вельмі цікавы і незвычайны досьвед узаемадзеяньня і новага для абедзьвюх мастацкага мэтаду, а ўлічваючы нашу гісторыю папярэдняга ўзаемадзеяньня, наагул вельмі асабістыя работы атрымаліся», — дзеліцца мастачка Надзея Саяпіна.
PLOT: 7 гадоў, 7 выстаў, 5 лягераў, 3 пленэры, больш за 150 дзяцей, 200 відэаролікаў
Ніна мае пэдагагічныя здольнасьці і заўсёды вельмі хацела працаваць зь дзецьмі. У Менску яна заснавала дзіцячую мастацкую студыю PLOT.
Як расказвала сама Маргаева, студыя атрымала назоў у гонар адзінага прадмета мэблі, які быў у яе на старце — вялізнага стала. Потым мастачка арандавала майстэрню і цягам 7 гадоў працавала ў Менску зь дзецьмі і дарослымі.
«7 гадоў, 7 выстаў, 5 лягераў, 3 пленэры, больш за 150 дзяцей, 200 відэаролікаў, незьлічоная колькасьць заняткаў, важных размоў, пройгрышаў і перамог, неймаверных малюнкаў, паходаў, экскурсій, уцёкаў, жартаў, залатога пылку», — пісала пра разьвітаньне з PLОТам мастачка летам 2022 году.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году Ніна Маргаева падпісала «Адкрыты ліст дзеячаў культуры і мастацтва супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў».
На мастачку пачаўся ціск, і ў чэрвені 2022 году Ніна была вымушаная зьехаць зь Беларусі з сынам Міронам і спаніэлем па мянушцы Хлоя.
У кастрычніку 2022 году ў Варшаве Ніна Маргаева запусьціла новы праект «Glieba». Заняткі зь дзецьмі праходзілі ў Музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве.
«Я вельмі спадзяюся, што з часам здолею зьяднаць мастком усіх, хто цяпер у Беларусі і тых, хто вымушана зьехаў, таму што наша Glieba ўсё адно ўнутры нас», — пісала Ніна пра свой новы праект.
«Яе працы па-за дыскурсам аб сучаснасьці, модзе і трэндзе. Яны будуць каштоўнымі заўжды»
Мастачка Лера Лазук перакананая, што працы Ніны Маргаевай маюць усё: кампазsцыю, колер, плястычнае рашэньне, а галоўнае — вобраз і сваё гучаньне.
«Кожны малюнак тонка зіхаціць настроем і эмоцыяй. І перададзеныя яны выключна выяўленчымі сродкамі. Мы счытваем пачуцьці твора менавіта праз тое, што выбраны пэўны колер, пэўная плястыка формаў, пэўнае разьмяшчэньне аб’ектаў у фармаце, пэўная фактура. Яе працы, як і ўсе сапраўдныя творы — па-за дыскурсам аб сучаснасьці, па-за дыскурсам аб модзе і трэндзе. Яны будуць каштоўнымі заўжды», — перакананая Лера Лазук.
«Сплавам дотыку, драмы вобразаў, колеру і сьвятла дасягаецца тая любоў, яснасьць, якая не патрабуе слоў»
Калега, сябар Ніны Маргаевай, які назваўся Антосем Рудым (псэўданім суразмоўцы. — РС), кажа, што Ніна яднае ў сабе шмат процілегласьцяў.
«Выглядае яна крохкай, а паспрабуй прымусіць яе збочыць з выбранага шляху! Звонку стрыманая, але яна такая палкая ў мастацтве! Часам глядзіць вялізнымі вачамі з-пад ілба, быццам зьбянтэжаны гном, а падыдзеш — яна сталёвы лебедзь», — выказаўся Антось Руды.
Творчасьць Ніны Маргаевай у Антося асацыюецца з паэзіяй — паводле найвышэйшай ступені вобразнасьці і ляканічнасьці. Яе творы ён называе «карцінамі-вершамі».
«Жывапісная паэзія Ніны зьвязвае супрацьлеглае. Гэта нагадвае мне па форме шагалаўскі біблійны цыкль, быццам лепет дзіцяці абвяшчае манумэнтальнасьць прастола Першатворцы. Што мяне кранае асабліва, то гэта выкананьне. За лёгкасьцю дотыку (быццам птушачка пакрэмзала капцюрыкамі на пяску) стаіць дакладнасьць снайпэра з агнём Ван Гога. Такая пранізьлівасьць і вастрыня дотыку, сканцэнтраванасьць і энэргічнасьць… Гэта кранальны дотык, які становіцца непрыкметным, як у добрага спевака голас, лёгкім, быццам нядбайным, каб ня браць на сябе ўвагу мастацкасьцю і не адцягнуць увагу гледача ад таго, як дрэвы перажываюць сьвятло, а гэта і ёсьць усё жыцьцё», — разважае Антось Руды.
Мастачка часта малюе дрэвы. Але гэта ня проста дрэвы, гэта чалавечыя постаці, якія цягнуцца адзін да аднога, бароняцца, сьвецяцца, зазначае Антось Руды. За кожным стаіць пэўнае перажываньне мастачкі, яны распрацаваныя як вобраз, як герой у п’есе, дадае суразмоўца.
«Самыя галоўныя героі мастачкі — гэта колер і сьвятло. Колер як нябесны агонь, як любоў, падае зьверху і злучае дрэвы, машыны, каменныя саркафагі, людзей у танец. Дрэвы, як ахопленыя чырваньню паходні любові, калыхаюцца пасярод кобальтава-сіняга восеньскага двара адзіноты. Кожная гісторыя мае свае каляровае гучаньне. Сплавам дотыку, драмы вобразаў, колеру і сьвятла дасягаецца тая любоў, яснасьць, якая не патрабуе слоў — гэта і ёсьць мастацтва. І гэтую казку стварыла Ніна», — так паэтычна перадае свае пачуцьці ад твораў Маргаевай Антось Руды.
Мастачцы патрэбна дапамога
У студзені 2023 году ў Варшаве ў Ніны дыягнаставалі бакавы аміятрафічны склероз (БАС). Хвароба прагрэсуе.
Беларуская рада культуры, а таксама калегі і сябры абвесьцілі Тыдзень салідарнасьці з мастачкай Нінай Маргаевай і збор на лячэньне і падтрымку яе.
Надзея Саяпіна кажа, што ўспрымае Ніну Маргаеву як чалавека вельмі моцнага, глыбокага, чалавечнага, як вельмі таленавітую і плённую творцу і непаўторную выкладчыцу:
«На сёньняшні стан дарагой Ніны я рэагую цяжка, бо ведаю не па чутках, што за хвароба БАС — маці хварэла гэтак, і я за дзіцем яе даглядала. Таму я вельмі прашу вас дапамагчы, чым можаце, гэта вельмі-вельмі патрэбна і важна!» — заклікае Надзея.
15 кастрычніка ў Музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве адбудзецца адкрыццё вялікай пэрсанальнай выставы мастачкі Ніны Маргаевай. Пасьля выставы некаторыя творы можна будзе купіць.