На вучэньнях тэрытарыяльнай абароны ў Віцебску адпрацавалі «падтрыманьне сілавых мераў ваеннага становішча»

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Вайсковы збор з апэратарамі бесьпілётнікаў Узброеных сіл, травень 2024 году

Падчас збору кіроўнага складу органаў кіраваньня тэрытарыяльнай абаронай Віцебскай вобласьці адпрацовалі «падтрыманьне сілавых мераў ваеннага становішча», заявіў вайсковы камісар рэгіёну Дзьмітры Вольфавіч, яго цытуе БелТА.

«Мы робім акцэнт на тыя элэменты, якія прысутнічаюць у выкананьні задач тэрытарыяльнай абароны, — растлумачыў ён. — Адна з задач — падтрыманьне сілавых мераў ваеннага становішча. І як элемэнт ці мэханізм выкананьня гэтых задач — нясеньне службы на кантрольна-прапускным пункце. Гэта немалаважна, таму што кантрольна-прапускны пункт ажыцьцяўляе фільтраваньне і надгляд людзей, каб прадухіліць пранікненьне дэструктыўных сіл у горад у пэрыяд ваеннага становішча».

Зборы ў Віцебскай вобласьці стартавалі 10 верасьня, з 27 па 30 верасьня прайшло камандна-штабнае вучэньне з органамі тэрытарыяльнай абароны.

На зборы 2 кастрычніка прысутнічалі старшыні райвыканкамаў, начальнікі тэрытарыяльных органаў унутраных спраў, якія адказваюць за пытаньні тэрытарыяльнай абароны, намесьнікі старшынь гаррайвыканкамаў, ваенных камісараў раёнаў і гарадоў. У рамках збору прызвалі каля 300 чалавек.

Перад удзельнікамі, сярод іншага, разыгралі «сцэнар адбіцьця нападу суперніка пры спробе прарыву незаконных узброеных фармаваньняў у горад», паведамляе прэс-служба Віцебскага аблвыканкаму.

Анансуючы вучэньні ў рэгіёне, Мінабароны мела намер, «навучыць асабовы склад падраздзяленьняў тэрытарыяльных войскаў выкананьню сваіх абавязкаў».

  • Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, якія склікаюць у пэрыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Яны складаецца з асобаў, якія прайшлі вайсковую службу і знаходзяцца ў запасе.
  • На фоне абвастрэньня адносін з Захадам і падтрымкі расейскай агрэсіі ва Ўкраіне рэжым Лукашэнкі рэгулярна праводзіць розныя вайсковыя вучэньні, трэніроўкі і зборы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскую тэрытарыяльную абарону вучаць змагацца з дывэрсантамі