Ізраіль абвясьціў генсакратара ААН «пэрсонай нон грата» за рэакцыю на атаку Ірану

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш

У сераду Ізраіль абвясціў генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша «пэрсонай нон грата», забараніўшы яму ўезд у краіну за тое, што ён не асудзіў ракетнай атакі Ірану на Ізраіль.

У сераду Ізраіль абвясьціў генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша «пэрсонай нон грата», забараніўшы яму ўезд у краіну.

Такое рашэньне ізраільскія ўлады прынялі за тое, што Гутэрыш не асудзіў ракетнай атакі Ірану на Ізраіль.

«Той, хто ня можа адназначна асудзіць агідны напад Ірану на Ізраіль, не заслугоўвае права ступіць на ізраільскую зямлю. Гэта антыізраільскі генэральны сакратар, які падтрымлівае тэрарыстаў, гвалтаўнікоў і забойцаў», — заявіў міністар замежных спраў Ізраілю Ісраэль Кац у сваёй заяве.

Антонію Гутэрыш не асудзіў і папярэдні напад Ірану на Ізраіль, які адбыўся ў красавіку. Тады ён абмежаваўся фразай аб тым, што Блізкаму Ўсходу неабходна «адысьці ад краю прорвы».

Раней Ізраіль вінаваціў генэральнага сакратара ААН у слабой рэакцыі на выкрытыя факты супрацы некаторых супрацоўнікаў гуманітарнай місіі ААН у сэктары Газа з тэрарыстамі ХАМАС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран запусьціў ракеты па Ізраілі, па ўсёй краіне абвясьцілі паветраную трывогу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва і Ўкраіна пачалі эвакуацыю грамадзянаў зь Лібану і Ізраілю. МЗС Беларусі параіла «трымацца рэкамэндацыяў мясцовых уладаў»