У Сьледчым камітэце Беларусі паведамілі аб завяршэньні расьсьледаваньня справы так званага «расонскага сафары» супраць групы браканьераў зь Віцебскай вобласьці, якія летась у сакавіку арганізавалі паляваньне на дзікіх жывёлаў, у тым ліку з Чырвонай кнігі, з арандаванага верталёта Мі-2.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, верталёт арандавалі ў Віцебскім аддзяленьні арганізацыі ДТСААФ.
«Цягам 2023 году браканьеры зрабілі яшчэ некалькі незаконных вылазак за рэдкімі жывёламі. За пэрыяд сваёй злачыннай дзейнасьці фігуранты адсачылі і застрэлілі ня менш за 6 жывёлаў: бурага мядзьведзя (знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня), чатырох ласёў і чырванакніжную саву», — паведамілі ў Сьледчым камітэце.
У паведамленьні адзначаецца, што для высочваньня здабычы і паляваньня браканьеры выкарыстоўвалі паветраныя і наземныя транспартныя сродкі, квадракоптары, фатапасткі, сучасную оптыку, прыборы начнога бачаньня і радыёстанцыі, агнястрэльную зброю.
Сьледзтва ацаніла шкоду, нанесеную навакольлю, у прыблізна 90 тысяч беларускіх рублёў.
У сакавіку 2024-га сілавікі затрымалі 19 чалавек. У аснову групы ўваходзілі пяць чалавек, да якіх іншыя паляўнічыя далучаліся ўжо на іншых этапах. Такая кансалідацыя па інтарэсах сфармавала «закрыты клюб» паляўнічых, лічаць у Сьледчым камітэце Беларусі.
13 фігурантам выставілі абвінавачаньні ў незаконным паляваньні, якія пагражаюць як штрафам і пазбаўленьнем права займацца пэўнай дзейнасьцю, так і абмежаваньнем ці пазбаўленьнем волі на тэрмін да шасьці гадоў.
Сьледчыя таксама папярэдзілі Віцебскае аддзяленьне ДТСААФ аб неабходнасьці ліквідаваць прычыны і ўмовы, якія «садзейнічалі ўчыненьню злачынства».