Стартуе рэпэтыцыйнае тэставаньне. Колькі трэба заплаціць, каб праверыць свае веды ў адным прадмеце

Ілюстрацыйнае фота

Навучальны год толькі пачаўся, а 11-клясьнікі ўжо могуць праверыць веды перад ЦЭ і ЦТ. Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў абвясьціў пачатак першага этапу рэпэтыцыйнага тэставаньня.

Выданьне «Люстэрка» паглядзела, калі і дзе яно будзе праходзіць і колькі каштуе.

Здаць рэпэтыцыйнае тэставаньне абітурыенты-2025 змогуць у 15 вучэбных прадметах. Іспыты традыцыйна пройдуць у тры этапы. Больш падрабязны графік выглядае так:

  • 1-ы этап: кастрычнік — сьнежань 2024-га;
  • 2-і этап: студзень — люты 2025-га;
  • 3-ці этап: сакавік — красавік 2025-га.

«Кожны пункт правядзеньня тэставаньня вызначае свой графік і колькасьць удзельнікаў РТ, — сказана на сайце Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў. — Актуальная інфармацыя пра ўсе даступныя сэансы будзе разьмешчана ў асабістым кабінэце ўдзельніка».

Сьпіс установаў адукацыі, на базе якіх можна прайсьці РТ, ёсьць на сайце. У РІКВ папярэджваюць, што пералік будзе дапаўняцца цягам заключэньня дамоваў паміж інстытутам і гэтымі ўстановамі.

Сёлета, каб ацаніць свае веды аднаго прадмету, трэба заплаціць 10,9 рубля. У 2023–2024 навучальным годзе цана была такая ж.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць аддала перавагу расейскай. У Беларусі прайшлі ЦТ і ЦЭ па беларускай і расейскай мовах