Пастаўскі раённы савет скасаваў вёску Тарасаўку, жыхары якой сёлета яшчэ выбіралі дэпутатаў усіх узроўняў

Ілюстрацыйнае фота

Ад вёскі Тарасаўка да аграгарадку Юнькі, дзе быў участак для галасаваньня, — 8,5 кілямэтра. Як вынікае з раскладу руху прыгарадных аўтобусаў, у Тарасаўку і зь яе нават няма аўтобусных маршрутаў.

Пастаўскі раённы савет дэпутатаў ухваліў рашэньне аб скасаваньні вёскі Тарасаўка Юнькаўскага сельсавету Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці.

Як адзначаецца ў апублікаваным на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі, рашэньне ўхвалілі ў межах паўнамоцтваў мясцовых саветаў, прадугледжаных законам аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле Беларусі.

14-ы артыкул гэтага закону прадугледжвае права мясцовых саветаў ствараць, аб’ядноўваць і скасоўваць населеныя пункты.

Адметна, што яшчэ летась вёску, якую цяпер, імаверна, прызналі «мёртвай», уключылі ў склад Юнькаўскай выбарчай акругі № 19 з цэнтрам у аграгарадку Юнькі, створаную для адзінага дня галасаваньня 25 лютага 2024 году, калі грамадзяне мелі выбіраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў.

Усяго ў гэтую выбарчую акругу ўваходзілі 64 населеныя пункты Юнькаўскага і Навасёлкаўскага сельсаветаў. Згодна з паведамленьнем раённых уладаў, у сьпісы выбарнікаў гэтай акругі былі ўключаныя 810 грамадзян.

Ад вёскі Тарасаўка да аграгарадку Юнькі, дзе быў ўчастак для галасаваньня, — 8,5 кілямэтра. Як вынікае з раскладу руху прыгарадных аўтобусаў, у Тарасаўку і зь яе нават няма аўтобусных маршрутаў. Грамадзкі транспарт ходзіць толькі паміж Юнькамі і Паставамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыбіральні толькі на адной вуліцы». Як Лукашэнка 30 гадоў паляпшае жыцьцё на вёсцы, дзе за гэты час стала на 1,3 мільёна менш жыхароў