У Латгаліі, усходняй частцы Латвіі, умацавалі мяжу зь Беларусьсю. Непакой латыскіх уладаў зьвязаны з залётам ударнага бесьпілётніка «Шахэд» на тэрыторыю краіны.
У ВПС Латвіі тады паведамілі, што гэта быў запушчаны Расеяй на ўкраінскія тэрыторыі баявы бесьпілётнік тыпу «Шахэд», які, хутчэй за ўсё, ад узьдзеяньня сродкаў радыёэлектроннай барацьбы Ўкраіны страціў кіраваньне, зьмяніў курс і перасёк паветраную прастору Беларусі перад пасадкай у Латвіі. Ахвяраў і разбурэньняў у выніку здарэньня не было, аднак гэты выпадак вымусіў перагледзець наяўны падыход да аховы паветранай прасторы краіны, адзначае sargs.lv.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі грамадзянам Нідэрляндаў пагражае да 8 гадоў турмы за перавозку мігрантаў зь беларускай мяжы ў ЭўразьвязВайскоўцы адзначылі, што пакуль маюць бестэрміновыя задачы абароны тэрыторыі сродкамі СПА. І адпаведна рыхтуюцца да сваёй пастаяннай прысутнасьці ў Латгаліі.
Міністар абароны Латвіі Андрыс Спрудс у сацыяльнай сетцы X (б. Twitter) пералічыў сродкі, разьмешчаныя на ўсходзе краіны.
«Узмацняем СПА ў Латгаліі!
Мы накіравалі мабільныя баявыя групы ВПС, узброеныя зэнітна-ракетнымі комплексамі;
адмысловыя радары, прыдатныя для выяўленьня бесьпілётнікаў, разьмешчаныя на мяжы;
у апэрацыях СПА ўдзельнічаюць як прафэсійныя вайскоўцы, так і вайскоўцы нацыянальнай абароны».