Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі папярэдзіў дырэктара беларускага аддзелу інтэрнэт-крамы Wildberries аб неабходнасьці зьліквідаваць «прычыны і ўмовы, якія спрыялі рэалізацыі фізычным асобам бесьпілётных лётных апаратаў, авіямадэляў і запасных частак да іх», паведамляе ведамства.
Як адзначаецца ў паведамленьні Генэральнай пракуратуры, «бескантрольны распаўсюд названай авіяцыйнай тэхнікі можа нэгатыўна паўплываць на грамадзкую бясьпеку, бо павялічвае рызыкі яе выкарыстаньня ў супрацьпраўных мэтах, у тым ліку для парушэньня грамадзкага парадку, экстрэмісцкай дзейнасьці і ўчыненьня актаў тэрарызму».
Маркетплэйс Wildberries, камэнтуючы паведамленьне Генпракуратуры Беларусі, заявіў, што не прадае бесьпілётнікаў і авіямадэляў у Беларусі. У кампаніі сьцьвярджаюць, што беларускае ведамства ня выявіла парушэньняў што да продажу дронаў і авіямадэляў фізычным асобам, а ўнесены наказ тычыўся «ліквідацыі прычын і ўмоваў, якія маглі б спрыяць гэтым фактам».
«Wildberries выконвае нормы дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. З моманту ўступленьня ў сілу ўказу прэзыдэнта (ад 25 верасьня 2023 году) аб забароне фізычным асобам увозу ў Беларусь, захоўваньня, абарачэньня і эксплюатацыі бесьпілётных лётных апаратаў і авіямадэляў, продаж названай тэхнікі на пляцоўцы Wildberries на тэрыторыі Беларусі не ажыцьцяўляецца», — заявілі РІА «Новости» у прэс-службе Wildberries.
Там адзначылі, што прынялі да ведама наказ Генэральнай пракуратуры Беларусі і «ўзмацнілі кантроль за яго выкананьнем».
Летась у верасьні Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб забароне фізычным асобам увозіць, захоўваць і эксплюатаваць бесьпілётнікі.